Самыя незвычайныя хабары ў Беларусі

Самыя незвычайныя хабары ў Беларусі

30 лістапада ў Мінску судзяць кіраўніка дэпартамента суддзяў "Беларускай федэрацыі футбола" Андрэя Жукава. Спартовага чыноўніка абвінавачваюць у хабарніцтве: ён быццам бы браў з трэнераў грошы за прызначэнне патрэбных і зручных суддзяў на матчы чэмпіянату Беларусі. У справе фігуруюць сумы ў $100 і $200, 100 еўра, 50 дэнамінаваных рублёў і бутэлька каньяку "Арарат". Гучаць назвы клубаў: "Смаргонь", БАТЭ, "Тарпеда-БелАЗ".

У Беларусі, як і ва ўсім свеце, хабар найчасцей даюць грошамі. Звычайна, нашмат цікавейшае тое, за што гэты хабар даюць: напрыклад, аднойчы на мяжы з Украінай мужчына паклаў у пашпарт $100, каб памежнікі не заўважылі ў яго багажы двух паўлінаў. Але здараліся і выпадкі з незвычайнымі хабарамі.

Марожанае за тэхагляд

У Оршы 38-гадовы інжынер дапамагаў сябрам, знаёмым і знаёмым знаёмых прайсці тэхагляд, патрабуючы за гэта грошы і марожанае. Атрымаўшы салодкі хабар, мужчына закрываў вочы на трэшчыны на лабавым шкле, перавышэнне шкодных рэчываў у выхлапе і нават няспраўныя тармазы. У выніку пераапранутыя міліцыянеры злавілі інжынера на жыўца: прыгналі да яго машыну з сур'ёзнымі няспраўнасцямі прайшлі тэхагляд за 20 рублёў. Колькі марожанага хабарнік паспеў з'есці за гады працы — так і засталося таямніцай.

Ежа і алкаголь за добрыя адзнакі

13 чэрвеня загадчыцу кафедры Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта затрымалі за спробу "прадаць" станоўчыя ацэнкі студэнтам-завочнікам. Выкладчыца патрабавала 800 рублёў, а частку сумы пагадзілася прыняць прадуктамі харчавання і алкаголем.

Ежай і алкаголем браў хабары і чыноўнік з Лідскага райвыканкама, затрыманы ў 2015 годзе. А кармілі і паілі яго кіраўнікі крамаў раёна. Што было на вітрыне — тым і давалі хабар!

20 літраў бензіну — і ездзі, як хочаш

У канцы траўня 2015 года ў Іванава (Брэсцкая вобласць) інспектар ДАІ спыніў "Газель", якая ехала не ў той бок па вуліцы з аднабаковым рухам. Кіроўца прапанаваў 34-гадоваму капітану міліцыі не складаць пратакол. А за гэта паабяцаў заправіць яго аўто палівам за кошт аддзела адукацыі, у якім працаваў. Інспектар пагадзіўся — і праз тыдзень атрымаў 20 літраў бензіну. А яшчэ праз паўгода яго асудзілі за хабар на чатыры гады "хіміі".

Скрыня цвікоў. Проста скрыня цвікоў

У снежні 1993 года Аляксандр Лукашэнка, тады яшчэ шараговы дэпутат, прачытаў у Вярхоўным савеце антыкарупцыйны даклад, з якога вынікала, што старшыня беларускага парламента Станіслаў Шушкевіч прысабечыў скрыню цвікоў. У выніку Шушкевіч быў вымушаны сысці ў адстаўку. А тэма барацьбы з карупцыяй ва ўладзе дапамагла Лукашэнку атрымаць сімпатыі электарату і праз паўгода перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах.

Даведка: 

У 2015 годзе за карупцыйныя злачынствы асуджана 485 чалавек. Гэта ўдвая больш, чым у 2014-м.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі