Экс-намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама асудзілі за карупцыю

Аляксандр Іваніцкі

Аляксандр Іваніцкі / orshanka.by

За карупцыю суд у Чашніках асудзіў намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама, кіраўніка дзяржпрадпрыемства і двух прадстаўнікоў прыватнай фірмы. Як паведамляе пракуратура Віцебскай вобласці, пад суд яны трапілі за незаконнае размеркаванне бюджэтныхя субсідый і хабар у 24 тысячы рублёў.

Сцвярджаецца, што намеснік старшыні райвыканкама са студзеня па ліпень 2025-га дзейнічаў у інтарэсах кіраўніка і экс-кіраўніка прыватнага рамонтнага прадпрыемства. Чыноўнік незаконна размеркаваў больш за 50 тысяч рублёў бюджэтных субсідый. Грошы прызначаліся для пагашэння запазычанасці перад прыватнай структурай за нібыта зроблены рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі.

У той час адказным за сельскую гаспадарку ў раёне быў Аляксандр Іваніцкі. У верасні 2025-га мясцовае незалежнае выданне orsha.eu пісала пра крымінальную справу на яго за парушэнне заканадаўства аб дзяржзакупках.

Паведамляецца, што чыноўнік даручыў падначаленым падрыхтаваць дакументы з завышаным коштам работ і паслуг, якія фактычна не аказваліся. На іх аснове правялі фіктыўную закупку рамонту трактара, які на той час быў ужо адрамантаваны.

За гэта прадпрымальнікі перадалі чыноўніку 24 тысячы рублёў, што ў заканадаўстве вызначаецца як буйны памер хабару.

Намесніку старшыні Аршанскага райвыканкама прысудзілі сем гадоў калоніі і 22,5 тыс. рублёў штрафу. Таксама яму на пяць гадоў забаронена займаць пэўныя пасады.

Прадстаўнікам прыватнай фірмы прызначылі па 2,5 года "хатняй хіміі" ды 18 тыс. рублёў штрафу. Кіраўніку дзяржпрадпрыемства прысудзілі год пазбаўлення волі, але з годам выпрабавальнага тэрміну і абавязкам выплаціць 50 базавых велічынь (2250 рублёў) штрафу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.