Вы тут

"Шахцёр" папрасіў АБФФ не ўручаць ім у Гомелі чэмпіёнскі кубак

Галоўны трэнер "Шахцёра" Аляксей Бага / vk.com/fcshakhterby

Салігорскі "Шахцёр" папрасіў Беларускую федэрацыю футбола ў выпадку поспеху ў сённяшнім матчы... не ўручаць ім у Гомелі чэмпіёнскі кубак. "Гарнякі" хочуць правесці гэтую ўрачыстую цырымонію пазней на сваім стадыёне падчас хатняга паядынку. Высвятляецца, што федэрацыя была гатовая ўсё арганізаваць ужо 27 кастрычніка. Аднак пасля звароту клуба цырымонію адклалі. Ды і вынік матчу яшчэ невядомы.

Для таго, каб датэрмінова стаць чэмпіёнамі Беларусі па футболе 2021 года, салігорцам трэба ў сераду абыграць у гасцях "Гомель", і яны стануць недасягальныя для сапернікаў. У "Шахцёра" 65 ачкоў пасля 25 матчаў, у БАТЭ — 58 ачкоў пасля 27 гульняў.

31 кастрычніка "Шахцёр" згуляе ў гасцях з "Мінскам" перанесены матч 16-га тура. Паядынак у Салігорску са "Слуцкам" прызначаны на 6 лістапада. Тады і варта чакаць урачыстую цырымонію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.