Сафія Сапега падала Лукашэнку прашэнне аб памілаванні

Расіянка Сафія Сапега падала прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, перадае Бі-Бі-Сі.

За адміністраванне тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі" дзяўчына асуджаная на шэсць гадоў калоніі. Таксама яна павінна выплаціць кампенсацыю ў 175 тысяч рублёў (на сёння каля 52 тысяч долараў) людзям, якія, на думку суда, пацярпелі ад яе працы ў тэлеграм-канале. Раней Лукашэнка заяўляў, што гатовы перадаць яе ў Расію для адбыцця пакарання.

Хадайніцтва аб памілаванні Сапега перадала 22 чэрвеня ў адміністрацыю калоніі №4 У Гомелі. Туды яе перавялі з СІЗА тры тыдні таму, кажа адвакат сям'і Антон Гашынскі.

У сваім звароце яна просіць вызваліць яе ад шасцігадовага тэрміну або замяніць яго больш мяккім пакараннем: "Я толькі хачу быць побач са сваёй сям'ёй... Я хачу свабодна дыхаць".

Дзяўчына піша, што на злачынствы яе падштурхнулі "маладосць і глупства", а таксама няўстойлівы псіхічны і фізічны стан. Яна заяўляе, быццам "трапіла пад уплыў дэструктыўна настроенай групы людзей", а за кратамі "цалкам усвядоміла супрацьпраўнасць і незаконнасць" сваіх дзеянняў і "шчыра раскайваецца" ў іх.

Сапега нагадвае, што ў жніўні 2021 года запісала для тэлеканала "Беларусь 1" відэазварот да беларусаў, у якім гаварыла пра "недапушчальнасць здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў". Дзяўчына заяўляе, што хацела іх спыніць яшчэ ў Літве, да затрымання, "бо не была з імі згодная ўжо на той момант". Пацярпелым яна ўжо прынесла прабачэнні.

Фармальна для памілавання расіянкі патрэбна яшчэ аплаціць прызначаныя судом штрафы і кампенсацыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі