Вы тут

Айчым Сафіі Сапега: "Мы разлічвалі на памілаванне"

Сафія Сапега на судзе / Reuters

Сваякі не разлічвалі, што Сафію Сапега асудзяць на шэсць гадоў калоніі. Пра гэта ў каментары блогу "Отражение" расказаў яе айчым Сяргей Дудзіч.

"Мы не разлічвалі на такі прысуд. Мы разлічвалі на памілаванне... Не ведаю... Іншыя меры стрымання, але не шэсць гадоў. Мы пра такое і блізка не думалі", — кажа мужчына.

Па словах айчыма, у бліжэйшыя тры дні родныя сустрэнуцца з Сафіяй у СІЗА на кароткатэрміновым спатканні. 

Наконт магчымасці экстрадыцыі дзяўчыны ў Расію айчым адгукаецца стрымана: "Прадметна мы пакуль ніякіх размоў не вядзем. Мы заўсёды на сувязі з амбасадай, але ўсё гэта пакуль "але".

Да абскарджання прысуду Сапега будзе ўтрымлівацца ў гродзенскім СІЗА.

Як распавядала Еўрарадыё, сёння дзяўчыне прысудзілі шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Да суда Сафія была пад хатнім арыштам, бо заключыла пагадненне са следствам. Пасля абвяшчэння прысуду яе ўзялі пад варту. 

Сафія Сапега адміністравала тэлеграм-канал, дзе публікаваліся звесткі пра беларускіх сілавікоў. Яе затрымалі разам з Раманам Пратасевічам у траўні 2021 года, калі ўлады Беларусі прымусова пасадзілі самалёт Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.