Рух "Браты-мусульмане" заклікаў да паўстання ў Егіпце

На гэты крок "Браты-мусульмане" пайшлі пасля таго, як у ноч на панядзелак адбылося сутыкненне каля штаб-кватэры рэспубліканскай гвардыі ў Каіры. Спачатку адбыўся напад групы ўзброеных асобаў на гэты вайсковы аб'ект, загінуў адзін афіцэр, каля 40 вайскоўцаў былі параненыя. Пасля гэтага войска адкрыла агонь. Па некаторых звестках загінула каля 35 чалавек, некалькі дзясяткаў параненыя, каля 200 чалавек затрыманыя.


У панядзелак егіпецкае войска ўзмацніла сваю прысутнасць у Каіры. Пад узмоцненую ахову ўзятая плошча Тахрыр, усе дзяржустановы. Сілы бяспекі заблакавалі прыхільнікаў зрынутага прэзідэнта Мухамеда Мурсі, якія праводзяць акцыі пратэсту, у раёне плошчаў Рабія аль-Адавія і Ан-Нахда, інфармуе РІА "Новости".
 

Нагадаем, працяглы час у Егіпце адбываліся выступленні апазіцыі, якая абвінавачвала прэзідэнта ў тым, што ўладу ў краіне манапалізавалі "Браты-мусульмане", з гэтай арганізацыі якраз і выйшаў Мухамед Мурсі. Яго таксама папракалі ў невыкананні перадвыбарчых абяцанняў і ў няўменні кіраваць краінай, што прывяло да "эканамічнага і палітычнага крызісу".

У ноч на 4 ліпеня армія Егіпта адхіліла Мурсі, часова прыпыніла дзеянне канстытуцыі і даручыла старшыні Канстытуцыйнага суда краіны Адлі Мансуру на пераходны перыяд выконваць абавязкі кіраўніка краіны. Адхілены ад улады прэзідэнт з гэтым не пагадзіўся і заклікаў сваіх прыхільнікаў не дапусціць "парушэння законнасці". Пасля гэтага яго ізалявалі.

Фота — Reuters
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі