Жонка першага беларускага тэрарыста: Я здагадвалася, што ён нешта задумаў

Учора ў мінскім дзіцячым садку №511 на вуліцы Чарвякова прыгадвалі падзеі 15-гадовай даўніны — захоп закладнікаў.

11 чэрвеня 1996 года 43-гадовы Аляксандр Зюлькоў з Ратамкі ўвайшоў у мінскі дзіцячы садок і заявіў, што ён тэрарыст і бярэ закладнікаў: 17 дзетак, выхавацельку і лагапеда. Тэрарыст патрабаваў сваю медыцынскую картку, маскоўскага адваката і журналістаў з расійскай тэлепраграмы “Взгляд” — надзвычай папулярнай па тым часе.

Тэрарыст сеў на стол пасярод пакоя на другім паверсе, у руцэ трымаў чамадан з выбухоўкай, а закладнікаў пасадзіў на падлогу перад сабой. Супрацоўнікі “Алмаза”, якія прыбылі абясшкоджваць тэрарыста, пайшлі на хітрасць. Узялі відэакамеры і назваліся журналістамі “Взгляда”. Сказалі, сам Любімаў прыехаць не змог, бо ў адпачынку. Паступова Зюлькоў адпусціў большасць дзетак, бо яны крычалі і плакалі. Калі дзяцей выцягнулі праз акно суседняга пакою, адбылася імгненная аперацыя: тэрарысту ззаду стрэлілі ў галаву, а чамадан з выбухоўкай выкінулі праз акно на двор. Выбухоўка не спрацавала. Як сказалі потым — паводле шчаслівай выпадковасці, бо дэтанатар быў прымацаваны да рукі Зюлькова і проста апынуўся зроблены няправільна.

…У Ратамцы і цяпер жыве былая жонка першага беларускага тэрарыста — яны развяліся яшчэ за 6 гадоў да захопу закладнікаў. Жана Віктараўна распавядае, што ў Аляксандра пачаліся “дзівацтвы” пасля цьмянай гісторыі. Аляксандрава сястра Ларыса сустракалася з адным чалавекам, а потым адмовіла яму ў працягу стасункаў. Брат таго мужчыны быў участковым міліцыянтам — ён прыйшоў па Аляксандра і адвёз таго… у “Навінкі”. Гісторыя была ў 1986 годзе. Усе астатнія 10 гадоў да тэракту Аляксандр займаўся выключна тым, што спрабаваў даказаць незаконнасць свайго ўтрымання ў вар’ятні і наступнай выдачы “белага білета”.

Жана Зюлькова: “Калі шчыра казаць, іх было тры браты, адзін з якіх быў гэты ўчастковы. З адным братам і сустракалася сястра майго былога мужа. Потым яны развіталіся. Ці стала гэта нейкай нагодай, не магу сказаць”.


Гэты здымак Аляксандра Зюлькова — адзіны, што ўдалося знайсці ў інтэрнэце

Выпісаўшыся з “Навінак”, Аляксандр Зюлькоў стаў пісаць ва ўсе інстанцыі пра незаконнасць сваёй шпіталізацыі. Звяртаўся таксама ў “Известия” і “Правду”. Жана прасіла спыніцца.

Жана Зюлькова: “Я не дазваляла, я прасіла, я ўмаляла. Але для яго гэта зрабілася нейкай назойлівай ідэяй. Жыць стала вельмі складана. У выніку я забрала сына і сышла да бацькоў, стала будаваць сваю кватэру”.

 

Чаму падчас захопу закладнікаў Зюлькоў патрабаваў прыезду менавіта журналістаў расійскага “Взгляда”?

Жана Зюлькова: “Ён прыязджаў да мяне на працу, бо я там ужо не жыла з сынам. Ён прыязджаў і толькі казаў, што хоча дабіцца, што яго няправільна паклалі ў “Навінкі”. Ведаеце, як у нас бывае ў людзей: глядзіць народ праграму па тэлевізары — і думае, што там ужо дакладна дамогуцца ўсяго. У той час “Взгляд” — гэта было проста ўсё! Ён калі садок захапіў, патрабаваў адтуль журналістаў — але Любімаў тады не прыехаў”.

На час тэракту Зюльковы ўжо 6 гадоў не жылі разам. Жана прыгадвае, што той развод стаў для яе і для іх сына вялікай палёгкай.

Жана Зюлькова: “Ён мне не даваў разводу: яго закранала, што я сышла. Сыну ён фактычна скалечыў лёс — ён вельмі моцна збіваў яго… Для мяне гэта было вельмі балюча… Сыну я ніколі не называю слова “бацька”. Калі яго забілі, сын сказаў па-чалавечы: “Мама, які б ні быў, але бацька — калі дазволяць, давай яго пахаваем”. Якраз я тады была ў пракуратуры, спыталася пра гэта — дазволілі. Але больш я пры ім слова “бацька” ніколі не казала, бо ў яго ўсё жыццё з-за гэтага скалечанае”.

Ці выклікалі Жану Зюлькову спецслужбы і праваахоўныя органы, калі здарылася трагічная сітуацыя з яе мужам?

Жана Зюлькова: “У яго стралялі недзе каля 11 раніцы, а памёр ён каля 16 гадзін. Нас гэты час цягалі туды-сюды. Да мяне прыехаў КДБ на працу, забралі мяне з працы. Думалі, можа я неяк паўплываю на сітуацыю. Але калі мяне прывезлі ў садок, у яго ўжо стрэлілі. І мяне адвезлі назад на працу. Я думала — усё, пазбаўлюся працы. Але мне сказалі: спакойна працуйце, на вас гэта не паўплывае. І сапраўды ў гэтым плане не паўплывала. Маральна — так, вельмі цяжка было! Крый Божа, калі б там пацярпела дзіця ці хто з дарослых!.. У яго адна дарога — лёг і заснуў. А як нам было б жыць пасля гэтага?! Як было б глядзець людзям у вочы?!”

Дом у Ратамцы, дзе жыў першы беларускі тэрарыст Аляксандр Зюлькоў

Жана Зюлькова не любіць абмяркоўваць гэтую тэму, але для Еўрарадыё зрабіла выключэнне. Яна кажа, што ёй пашчасціла — ні разу не бачыла па тэлевізары сюжэты на гэтую тэму, хоць за 15 гадоў іх было зроблена шмат. Бачыла толькі касету з запісам, калі алмазаўцы застрэлілі Аляксандра — гэтыя кадры дэманстравалі тады па тэлебачанні. Жана разважае, ці абавязкова было яго забіваць. Але прыходзіць да высновы, што з улікам той сітуацыі не выпадае абмяркоўваць дзеянні супрацоўнікаў “Алмаза”.

Жана Зюлькова: “Гэта мне казалі некаторыя... Калі глядзіш відэа — нібыта можна было яго так абясшкодзіць, не страляючы. Але нам гэтага не зразумець. Усе, канешне, баяліся. Калі выкінулі гэты чамадан, ён не выбухнуў. А калі б выбухнуў?!”

 

Гаворачы пра тэракт на “Кастрычніцкай”, Жана Зюлькова кажа, што агульнае ў іх — невытлумачальная жорсткасць.

Жана Зюлькова: “Гэта дзікасць, гэта жорсткасць, гэта страшна і незразумела лагічна… Як можа чалавек чыніць такое супраць невінаватых людзей?! Гэтаксама і ён — пайшоў у дзіцячы садок. Як можна было?! Але як жонка я гэтаму не здзівілася — ведаючы, як ён ставіўся да свайго сына… Сына я фактычна гадавала адна!”

Дарэчы, літаральна за суткі да захопу закладнікаў Аляксандр прыехаў да былой жонкі. І яна адчула, што ён нешта задумвае…

Жана Зюлькова: “Я вам шчыра прызнаюся… Ён напярэдадні здарэння прыехаў да мяне на працу… І вось мне здалося, што ён нешта задумаў. Я на яго глянула — і зразумела. Пайшла да яго маці і распавяла пра гэта. Маці мяне паслала, сказала, што ў мяне назойлівая ідэя. Але ён быў рашучы, у ім было нешта такое… Таму я і сышла — я бачыла, што гэты чалавек можа зрабіць усё што заўгодна…”

Жана знішчыла ўсе здымкі Аляксандра, у тым ліку і іх вясельныя. Калі яе свякроў прадавала хату, дзе жылі Зюльковы, Жана не ўзяла адтуль ніводнай рэчы — каб нічога не нагадвала аб жыцці з першым беларускім тэрарыстам. Застаўся толькі сын Руслан, з якім Жана ніколі не гаворыць пра бацьку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі