Спадарожніца Лукашэнкі: Сукенкі на сустрэчу з прэзідэнтам выбіраю сама

На адкрыцці Купалаўскага тэатра 29 сакавіка побач з Аляксандрам Лукашэнкам з’яўляецца сімпатычная брунетка. Еўрарадыё пазнае ў ёй даўнюю спадарожніцу кіраўніка краіны — спявачку і актрысу Марту Голубеву.

Марта Голубева ўпершыню з’яўляецца разам з Аляксандрам Лукашэнкам на Дзень незалежнасці ў 2008 годзе. Дзяўчыне тады толькі-толькі споўнілася 18 — яна нарадзілася 5 чэрвеня 1990-га. 


Дагэтуль прыгажуня паспявае трапіць у аб’ектывы фатографаў як салістка легендарных “Верасоў” Васіля Раінчыка.

Цяпер Марце Голубевай 22 гады. Еўрарадыё не без цяжкасцяў адшуквае яе, каб распытаць, як гэта — быць спадарожніцай Аляксандра Лукашэнкі.

Еўрарадыё: Як вы рыхтуецеся да сустрэчы з прэзідэнтам? 

 
Марта Голубева: Абсалютна ніяк не рыхтуюся маральна. Я ўспрымаю гэта дастаткова спакойна. Ні ў паводзінах, ні ў тым, як трымаецца гэты чалавек, няма нічога таго, што выклікала б хваляванне.

 
Еўрарадыё: А пра што гутарыце? 

Марта Голубева: Тэмы звязаныя з мерапрыемствам, на якім мы прысутнічаем. 

 
Еўрарадыё: А хто выбірае вам сукенкі?

 
Марта Голубева: Ну, не прыйду ж я, як дома. Я ўсім займаюся самастойна.

 
Еўрарадыё: Вы раней былі ў складзе ансамбля “Верасы”, а цяпер чым займаецеся? 

Марта Голубева: Так, але гэта было вельмі даўно. Цяпер я займаюся творчасцю.

 
На пытанне, як яна трапіла ў спадарожніцы да Лукашэнкі, Марта адказаць адмовілася.

Як даведалася Еўрарадыё, за апошні час Марта выканала ролі ў чатырох расійскіх фільмах і серыялах. А таксама занялася кар’ерай спявачкі. Дзяўчына мае некалькі кліпаў, спявае на рускай мове.