Халіп: Сітуацыя крытычная! Саннікаў і Дашкевіч могуць не выйсці

110928 Rugajn Halip.mp3

Андрэй Саннікаў праз свайго адваката заклікаў ратаваць Змітра Дашкевіча, які, на думку экс-кандыдата ў прэзідэнты, можа не выжыць у калоніі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміла жонка Саннікава Ірына Халіп:


"Толькі пасля таго, як я пабывала ў Дэпартаменце выканання пакаранняў, мне сказалі, дзе знаходзіцца мой муж, — гаворыць Ірына Халіп. — Сітуацыя такая, што я магу сказаць абсалютна дакладна, што яго жыццю пагражае сур'ёзная небяспека. Таксама існуе пагроза жыццю Дашкевіча. Інфармацыя, якую атрымаў адвакат Андрэя з СІЗА Магілёва, яго мэсэдж: "Ратуйце Дашкевіча любымі шляхамі, аж да напісання прашэння аб памілаванні ўсім народам, інакш ён не выжыве".


У Наваполацкай калоніі былі вельмі здзіўленыя пераводам Андрэя Саннікава, аб гэтым да апошняга ніхто не ведаў, гаворыць Халіп. Пасля ёй казалі, што Саннікава вязуць у бабруйскую калонію, але туды экс-кандыдат не даехаў. Ён знайшоўся ў магілёўскім СІЗА.


"20-га чысла яго адвезлі ў Віцебскае СІЗА. Яго завялі ў камеру, там было трое, адзін з іх Дашкевіч. Яго прывезлі ў той самы дзень. Такое адчуванне, што іх звялі разам, каб даць ім магчымасць абмяняцца нейкай інфармацыяй", — гаворыць Халіп.


Таксама ў камеры знаходзіліся зняволеныя Грыгор'еў і Давыдовіч. Апошні распавёў, што падчас этапу да яго падыходзілі двое ў цывільным.


"Ён пачаў казаць Дашкевічу, што краем вуха чуў, што ў Дашкевіча будуць праблемы ў Глыбокім, куды яго пераводзяць, і, хутчэй за ўсё, яго заб’юць. Дашкевіч сказаў, што гэта правакацыя і папрасіў яго перавесці ў іншую камеру", — працягвае Халіп.

Дашкевіч спыніў галадоўку, але яго пазбавілі перадач, Саннікаў аддаў яму свае перадачы. Ён сказаў, што Дашкевіч у жудасным стане, распавядае Ірына Халіп.


Грыгор'ева адправілі на этап у Магілёў разам з Саннікавым. Ужо там Грыгор'еў казаў, што быў папярэджаны наконт экс-кандыдата.


"Яго папярэджвалі, што трэба быць асцярожным у адной камеры з Саннікавым, таму што супраць яго могуць быць сур'ёзныя правакацыі і, хутчэй за ўсё, яго заб’юць ці сур'ёзна пакалечаць. Пасля гэтага двое сукамернікаў успрынялі гэтыя словы як сігнал. Яны пачалі казаць: "Так, Андрэй Алегавіч, да Бабруйска вы не даедзеце. Мы-то вас забіваць не збіраемся. Вас могуць перавесці ў іншую камеру, дзе будуць моцна біць ці заб’юць зусім. Ну, нейкі начальнік зляціць за гэта і паедзе паслом у Германію, як гэта бывае. А яшчэ вас могуць пасадзіць у камеру з людзьмі з нізкім сацыяльным статусам". Андрэй некалькі сутак не спаў, таму што баяўся нападу ў сне", — гаворыць Ірына Халіп.


Пасля таго, як да Саннікава выехаў адвакат і напісаў заяву аб пагрозе жыццю і здароўю, яго перавялі ў адзіночную камеру.


"Такім чынам і Дэпартамент выканання пакаранняў, і кіраўніцтва СІЗА пацвердзілі, што такая пагроза існуе", — дадае жонка палітвязня.


Праваабаронца Алена Танкачова нагадала кіраўніцтву дэпартамента, што ўсё, што адбываецца, — гэта іх адказнасць.


"Усё, што адбываецца ўнутры закрытых установаў пенітэцыярнай сістэмы, — гэта ўсё адказнасць адміністрацыі. Незалежна ад таго, чыімі рукамі і якім чынам ціснуць на зняволеных".


Ірына Халіп распавяла, што Саннікава ніхто не прасіў пісаць прашэння аб памілаванні, і заклікала сілавікоў не ціснуць на мужа.


"Я звяртаюся да іх: грамадзяне начальнікі, не рабіце злачынстваў. Не бярыце на сябе забойстваў, не бярыце цяжкія пашкоджанні. Спыніце гэтае бясчынства. Таму што адказваць у выніку давядзецца вам. КДБ адмажацца, як заўсёды. КДБ скажа, што мы тут ні пры чым, гэта ўсё рабіў дэпартамент. Ну дык апамятайцеся, перастаньце прэсаваць майго мужа! Вярніце яго туды, дзе ён адбывае пакаранне".


А Алена Танкачова заклікала дыпламатаў, прысутных на сустрэчы, каб яны на працягу бліжэйшых дзён спрабавалі дамагчыся сустрэчы з Дашкевічам, і даведаліся пра яго стан.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі