Інтэрнэт-кавярня пра адмену пашпартоў: "У нас ніякага загаду не было"

Вялікае дасягненне ў сферы свабод беларускага інтэрнэту — прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч рэкамендуе адмяніць рэгістрацыю па пашпартах у інтэрнэт-кавярнях. Прадстаўнікі "Белтэлекама" і ААЦ рапартуюць: пашпарт цяпер не абавязковы.

"А картка колькі каштуе на інтэрнэт?" — "На 60 хвілін 1900 рублёў і патрэбны пашпарт", — адказваюць хлопцу ў чарзе на Галоўпаштамце.

Але паводле слоў гендырэктара "Белтэлекама", пашпарт ужо не абавязковы. Калі ж выявіцца факт, што ў наведвальніка патрабуюць пашпарт, — "будуць разбірацца з кожным канкрэтным выпадкам".

У карэспандэнта Еўрарадыё на Галоўпаштамце пашпарт патрабуюць, калі яго няма, можна іншы дакумент.

"Без дакумента паслуга не прадастаўляецца, указ прэзідэнта. Нічога не адмянілі", — трохі нервова адказвае дзяўчына ў касе.

У пункце "Белтэлекама" на вуліцы Энгельса таксама ўсё засталося па-ранейшаму: "Не ведаю, што пісалі, у нас ніякага загаду не было".

У інтэрнэт-кавярні "Саюз-анлайн" тая ж сітуацыя — пашпарт ці іншы дакумент з фота, нават чытацкі білет падыдзе.

"Нічога не адмянілі, цяпер на меркаванне фірмы, — тлумачаць Еўрарадыё пастанову Саўміна. — Наша прадпрыемства палічыла патрэбным пакінуць дакументы. Гэта, хутчэй, рэкамендацыю нам зрабілі".

Хіба я не правільна нешта зразумеў? Звяртаюся ў "Белтэлекам" па тлумачэнні.

"Сэнс у тым, што можна і з пашпартам, і з іншым дакументам. Калі чалавек прыйдзе без пашпарта, з яго не маюць права патрабаваць пашпарт, яго абавязаны зарэгістраваць з іншым дакументам".

Пастанова Саўміна пад нумарам 1191 прадугледжвае іншыя варыянты фіксацыі карыстальнікаў, напрыклад па клубных картках, смс ці з дапамогай фота-відэафіксацыі. Але гэта таксама не абавязкова. Магчымасць рэгістрацыі праз смс у "Белтэлекаме" распрацоўваюць. Іншыя ж інтэрнэт-кавярні, калі кіравацца пастановай, могуць самі вырашаць, якую форму фіксацыі карыстальнікаў абіраць.

У ліпені 2010 года, калі запрацаваў указ №60, каб скарыстацца інтэрнэтам, таксама быў патрэбны любы дакумент з фота — пашпарт, студэнцкі білет ці правы кіроўцы. Дык што змянілася?