Апошні шчасліўчык прыгнаў аўто на "Каменным логу" за 5 хвілін да дэдлайна

"Учора зусім мала машын было, ніхто не рызыкнуў у апошні момант, відаць", — распавялі Еўрарадыё ў пункце пропуску Беняконі.


У ноч перад 1 ліпеня мытнікі на заходняй мяжы Беларусі рыхтаваліся да горшага, але, як апынулася, машын на растаможку ўначы амаль не было. Апошні аўтамабіль прайшоў афармленне ў 23-30, за паўгадзіны да новых тарыфаў.


А вось у пункце мытнага афармлення "Варшаўскі мост" апошні шчасліўчык прыгнаў аўто за 9 хвілін да дэдлайна. Але да 30 ліпеня на мытні было горача: калі летась за дзень афармлялі да 200 машын, то сёлета — да тысячы.


"За мінулыя суткі супрацоўнікамі мытні аформлена каля 600 легкавых транспартных сродкаў, якія грамадзяне набылі для асабістага карыстання. Усе яны былі аформленыя да нуля гадзін 1 ліпеня 2011 года. Апошняя машына была аформленая ў 23-51", — распавялі Еўрарадыё на брэсцкай мытні.


Самая апошняя машына з Еўропы ўехала ў Беларусь праз мытны пункт "Каменны лог" за 5 хвілін да таго, як набылі моц новыя тарыфы. Citroën С5 з Брытаніі аформілі ў 23-55. "Можаце выдыхнуць", — сказалі мытнікі шчасліваму ўладальніку аўто, а сябры адправілі ў "дзьюцік" па самае дарагое шампанскае. Пра тое, што адбывалася на "Каменным логу", распавёў Еўрарадыё фатограф часопіса "Аўтабізнэс" Глеб Малафееў:


"Мы прыехалі туды, машын на пляцоўцы па-мойму было 3 штукі на растаможку. Прычым усё было спакойна, яны стаялі, нібыта ўжо прайшлі мытню. Адна машына чакала, пакуль падвязуць грошы з Мінска, таму што не хапала. Усім усё падвезлі і прыкладна за паўгадзіны да 12 пляцоўка была абсалютна пустая, машын не было ўвогуле". 


Але літаральна за 10 хвілін да часу дэдлайну пачалі бегаць хлопцы, якія прывезлі Citroën з Брытаніі.


"Хвілінаў за 10 пачынаюць мітусіцца вось гэтыя таварышы, іх 3 ці 4 было, і спрабаваць правезці неяк Citroën С5 першага пакалення яшчэ. Чагосьці там не хапала, то машына не там стаіць. Яны бегалі то за машынай, то нейкіх дакументаў няма. У выніку яны прывалаклі кучу папераў, кінулі ў акенца, там ім жанчына пачала дапамагаць запаўняць, каб хутчэй было. Яны ў гэты час пабеглі валачы тачку на агляд. Ну і нейкім цудам, на здымку, дзе забягае мужык, ён данёс гэтыя дакументы, паклаў, і пасля мытніца сказала, што можаце расслабіцца, час ужо зафіксаваны".


Такім чынам апошняя машына, якую ўвезлі паводле "старых" тарыфаў — гэта Citroën С5 з Вялікабрытаніі ўжо з левым рулём.

Фота: Глеб Малафееў часопіс "Аўтабізнэс" 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі