Re1ikt прэзентаваў ў эфіры Еўрарадыё “тызер да трэйлера” новага альбома “Kufar”

Re1ikt прэзентаваў ў эфіры Еўрарадыё “тызер да трэйлера” новага альбома “Kufar”

Гурт Re1ikt за тыдзень сабраў грошы на выданне новага альбома. Дыск атрымаў назву “Куфар” і складаецца з трэкаў, якія вельмі важныя для саміх музыкаў і ілюструюць розныя перыяды існавання калектыву. Бубнач і лідар гурта Аляксандр Дземідзенка завітаў у студыю Еўрарадыё, каб распавесці пра новы лонгплэй і яго адметнасці, паразважаць пра ўспрыняцце краўдфаўндынгу беларускімі слухачамі і прэзентаваць “тызер да трэйлера” з новага альбома.

Цалкам размова з Аляксандрам Дземідзенкам:

Некаторыя цытаты бубнача Re1ikt:

“Мы спадзяваліся, верылі ў нашых слухачоў і слухачоў беларускай музыкі, але на 100% не думалі, што гэта так адбудзецца. Вельмі ўдзячныя ўсім, хто рабіў унёскі”.

“Людзі разумеюць, што яны ў адказе за тое, які кантэнт ім спажываць, што калі яны не будуць падтрымліваць беларускую музыку, то яна можа прыйсці ў вельмі дрэнны стан”.

“Мы не спынілі краўдфаўндынг-кампанію, бо 10 снежня ў клубе “Бруге” ў нас канцэртная прэзентацыя і сродкі спатрэбяцца на яе арганізацыю”.

“Мы сапраўды працуем над гукам, сапраўды шукаем, параўноўваем з тым, што было раней, з тым што робяць іншыя гурты нашага часу і робім, будзем далей спрабаваць рабіць непадобную музыку”

“Пакуль яшчэ можна набыць прыватны канцэрт у нашай студыі, дзе мы будзем выконваць песні з новага альбома, піць гарбату, распавядаць гісторыі і проста выдатна бавіць час”.

“Цяпер любое шэрае, звычайнае, стандартнае называюць эксперыментам. Не вельмі люблю ўжываць гэтае слова, бо яго, так бы мовіць, замаралі. Але эксперыменты на альбоме будуць”.

“Мы зрабілі новы мерч гурта, які базуецца на маляванках Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Я імі моцна натхніўся і зрабіў дызайн для нашай прадукцыі”.

“11 кастрычніка мы прэзентуем песню “Навальніца”, а пакуль эксклюзіўна ў эфіры Еўрарадыё можам паслухаць такі, як мы жартуем, тызер трэйлера гэтай песні”.

“Інтэрнэт-рэліз альбома “Куфар” мы зробім 21 кастрычніка, роўна праз год пасля выдання альбома "Лекавыя травы"”.

Бліжэйшы выступ Re1ikt адбудзецца 8 кастрычніка ў мінскім клубе Re:Public на фестывалі “Рок за жыццё”, які прымеркаваны да тыдня барацьбы са смяротным пакараннем. Некаторыя трэкі з альбома “Куфар” прагучаць падчас сэта музыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі