Вы тут

РБК: мінскае "Дынама" траціць на заробкі хакеістаў 5,7 млн долараў

Больш за палова бюджэта клуба ідзе на заробкі / pixabay.com

РБК апублікаваў інфармацыю пра заробкі хакеістаў у клубах Кантынентальнай хакейнай лігі. Выданне спасылаецца на плацёжныя ведамасці, якія ўдалося атрымаць журналістам. З іх вынікае, што ў сезоне 2019/2020 гадоў на гульцоў мінскага "Дынама" плануецца патраціць 370 мільёнаў расійскіх рублёў. Гэта 5,7 млн долараў. Па гэтым паказчыку беларускі клуб займае 10-е месца. Лідыруюць СКА і ЦСКА, у якіх па 1,75 млрд расійскіх рублёў (больш за $27 млн).

Падкрэсліваецца, што амаль ва ўсіх каманд зарплатныя ведамасці, у параўнанні з мінулым сезонам, знізіліся. У мінчукоў, напрыклад, на амаль паўтара мільёна долараў.

Вясной 2017-га тэлеканал АНТ паведаміў, што бюджэт ХК "Дынама-Мінск" складае каля 20 мільёнаў долараў. Аднак якая сума з іх ішла на заробкі, невядома. З таго часу бюджэт толькі зніжаўся, на што ўплывала і няўдалая гульня каманды. У красавіку 2019-га Аляксандр Лукашэнка гаварыў, што на каманду штогод "выкідалі" 15 мільёнаў долараў. У ліпені гендырэктар клуба Дзмітрый Баскаў распавёў, што сёлета бюджэт быў скарочаны ў паўтары разы. Атрымліваецца, што ён мусіць складаць каля $10 млн. Калі гэта так, то больш за палову грошай ідзе на заробкі хакеістаў.

sportrbc.ru

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.