РАУС сумесна са Следчым камітэтам працуюць — у МНС пракаментавалі падзенне дрона ў Жлобіне
Беларускі металургічны завод, ілюстрацыйнае фота / metallurg.belsteel.com
Жлобінскія ўлады афіцыйна не каментуюць паведамленне пра беспілотнік, які зваліўся 18 жніўня на тэрыторыі Беларускага металургічнага завода і выбухнуў.
Журналістка выдання "Зеркало" пад выглядам звычайнай грамадзянкі датэлефанавалася ў прыёмную БМЗ. На пытанне пра дрон, які ўпаў каля завода, ёй адказалі, што такую інфармацыю па тэлефоне не даюць: "Так нельга. І не таму, што нехта нешта не ведае. Так немагчыма перадаваць інфармацыю. Але паверце, нічога крытычнага не адбывалася".
Пасля гэтага журналістцы параілі чакаць, пакуль інфармацыя з'явіцца ў навінах, "можа быць, у нейкіх тэлеграм-каналах агучаць".
Журналістка датэлефанавалася з пытаннем пра дрон у прыёмную аддзела па надзвычайных сітуацыях Жлобінскага раёна. Супрацоўніца, якая адказала на званок, спярша прыкрыла рукой слухаўку і стала з кімсьці раіцца. Потым яна сказала, што ратавальнікі не займаюцца гэтай сітуацыяй:
"У РАУС тэлефануйце, бо не мы працуем па гэтай сітуацыі, мы не можам даваць ніякіх каментароў. РАУС сумесна са Следчым камітэтам працуюць. Мы гэтым не займаемся".