Вы тут

Распрацаваны алгарытм дзеянняў па антыкарупцыйнай працы ў дзяржорганах

БЕЛТА

У Беларусі распрацаваны алгарытм дзеянняў па арганізацыі антыкарупцыйнай працы ў дзяржаўных органах і структурах. Метадычныя рэкамендацыі падрыхтавала ўпраўленне Генеральнай пракуратуры па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю. Прэс-служба Генпракуратуры піша, што іх мэтай з'яўляецца фармаванне адзінага падыходу пры папярэджанні карупцыі. Дакумент адправілі ў Саўмін, у абласныя выканкамы і ў Мінскі гарвыканкам. Мяркуецца, што метадычныя рэкамендацыі будуць даведзеныя да структур, якія ім падначаленыя. Больш таго, у Генпракуратуры спадзяюцца, што дзяржаўныя органы на іх аснове падрыхтуюць ведамственныя метадычныя распрацоўкі.

У Генеральнай пракуратуры рыхтавалі дакумент пасля пракурорскіх праверак. Яны высветлілі, што ў дзяржарганізацыях не выяўляюцца факты карупцыі, супрацоўнікі не інфармуюць пра іх праваахоўнікаў, прафілактычная праца праводзіцца безсістэмна, службовыя асобы парушаюць парадак дэкларавання даходаў і маёмасці.

Рашэнне пра падрыхтоўку метадычных рэкамендацый па арганізацыі антыкарупцыйнай працы ў дзяржорганах і арганізацыях было прынята на рэспубліканскай каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, якая прайшла ў снежні 2018 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.