Вы тут

Расійскія праваабаронцы заклікаюць не выдаваць Беларусі Дзмітрыя Падлобнікава

Дзмітрый Падлобнікаў / dissidentby.com

Расійскія праваабаронцы заклікаюць не выдаваць Беларусі 25-гадовага Дзмітрыя Падлобнікава. Яго экстрадыцыя можа адбыцца ўжо 28 снежня. На радзіме беларуса чакае пераслед за прычыненне маральнай шкоды міліцыянеру "групай асобаў", піша mhg.ru.

Прадстаўнікі расійскіх праваабарончых арганізацый, у тым ліку Маскоўскай Хельсінкскай Групы, напісалі "зварот аб недапушчэнні экстрадыцыі" на імя генпракурора і кіраўніка ўраду Расіі. У ім адзначаецца, што Падлобнікава збіраюцца выдаць Беларусі, нягледзячы на яго і яго маці скаргі, "у парушэнне працэдур, устаноўленых Крымінальна-працэсуальным кодэксам". Падкрэсліваецца, што беларус удзельнічаў у мірным мітынгу ў Жлобіне, а галоўным доказам па яго справе з'яўляецца раздрукоўка праслухоўвання тэлефонных размоваў яго знаёмых.

Расійскія праваабаронцы ў звароце пішуць, што Дзмітрыю Падлобнікаву на радзіме "пагражаюць катаванні", яго "не чакае справядлівае судовае разбіральніцтва".

Як вядома, сёлета Еўрапейскі суд па правах чалавека ўжо тры разы забараняў выдаваць з Расіі беларусаў, якіх пераследуюць за ўдзел у мірных пратэстах. Некалькі чалавек выдалі, іншыя затрыманыя ў РФ чакаюць вырашэння іх лёсу.

Падлобнікаў затрымліваўся ў Беларусі ў жніўні 2020-га і правёў тры дні за кратамі. Пазней ён выехаў на працу ў Расію. Там яго затрымалі ў траўні 2021-га. Спачатку ён быў ў СІЗА Каломны, а пасля яго перавялі ў следчы ізалятар у Маскву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.