Вы тут

Расіянін пераехаў у Мінск і вывучыў беларускую: "Змагар — крыўднае слова"

Сяргей Прохараў / @amatarmou

Расіянін Сяргей Прохараў пераехаў у Мінск з Далёкага Усходу. Хлопец працуе настаўнікам англійскай на курсах Streamline і любіць вывучаць новыя замежныя мовы. Адной з іх стала беларуская, якую Сяргей вывучыў пасля пераезду.

Вось як ён зараз размаўляе па-беларуску, распавядаючы пра наступны моўны чэлендж — з італьянскай мовай:

Чаму Беларусь? У сям’і ёсць легенда пра пра-пра…прадзеда Сяргея, які перад смерцю склікаў сваякоў і прызнаўся, што насамрэч ён ніякі не Прохараў, а паляк Зяленскі, які збег з катаргі і ўсё астатняе жыццё жыў на ўсходнім ускрайку Расіі, хаваючыся ад уладаў пад новым прозвішчам. Гісторыя трагічная, але цалкам магчыма, што той “паляк Зяленскі” апынуўся ў Сібіры пасля ўдзелу ў паўстанні Кастуся Каліноўскага.

Шмат што ў дачыненнях беларусаў да беларускай мовы расіяніна шчыра здзівіла. Днямі ён пачаў у Twitter трэд са сваімі думкамі з гэтай нагоды, а таксама з назіраннямі пра жыццё ў Беларусі. Там шмат цікавага. Сяргей Прохараў не заангажаваны ў спецыфічнае беларускае двухмоўе ад нараджэння, як мы. Яго думкі вельмі свежыя і лагічныя.

— Беларусы любяць абдымацца больш за расейцаў. У адзін цудоўны дзень да мяне пасля заняткаў падышлі мае падлеткі і пачалі на мяне запытальна глядзець, а я не мог зразумець, што яны хочуць. Адна дзяўчынка не вытрымала і казала: "Ну, hug us!"

— Калі я пераехаў у Беларусь, я не меў паняцця, што такое Вялікае Княства Літоўскае. Не памятаю, што нам расказвала настаўніца гісторыі, але я думаў, што ВКЛ — гэта адна з германскіх дзяржаў. Мо пераблытаў з Тэўтонскім ордэнам. Я памятаю дакладна, што ў школе нас вучылі, што Украіна і Беларусь — гэта страчаныя тэрыторыі Расіі.

— Тут я адчуваю сябе вольным. Я не магу паўплываць на палітыку не таму, што я слабы, а таму, што я не маю права, бо я замежнік.

— У Беларусі я навучыўся заплюшчваць вочы на рысы характару чалавека, якія мне не падабаюцца. Напрыклад, я не люблю тое, што некаторыя мае калегі кажуць пра беларускую мову, але я шаную іх як спецыялістаў.

— Ведаю, што насамрэч беларусы не апалітычныя, але яны не вельмі любяць размаўляць пра палітыку. У Расіі ж кожны лічыць сябе палітолагам.

— Халаднік я ўпершыню пакаштаваў у Мінску ў першы дзень вакацый. Цяпер гэта для мяне суп нумар адзін. Але я не ведаў, што дранікі — беларуская страва, бо мая маці часта іх гатавала.

— Мая першая кніга на беларускай мове была "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча. Гэта быў падарунак майго новага сябры. Спачатку я вырашыў падкрэсліваць і перакладаць словы, якія не мог зразумець, але іх было так шмат, што я кінуў гэтую ідэю. Цікава было тое, што я часта разумеў галоўныя словы сказа, але службовыя павінен быў кожны раз расшыфроўваць. Толькі паслухайце — нават, амаль, прынамсі, бо, альбо, ці, калі, але і гэтак далей.

Мне дапамагала моўная здагадка. Я амаль нічога не перакладаў. Мая мэта была — зразумець галоўныя падзеі кнігі. Калі я скончыў чытаць кнігу, я ўжо мог напісаць некалькі слоў па-беларуску ў "Фэйсбуку". Ужо тады некаторыя з маіх новых калег вымушаны былі прызнацца, што я ведаю беларускую лепш за іх. Я быў у шоку.

— Перад вандроўкамі ў іншыя краіны я заўсёды імкнуся вывучыць некалькі слоў на мове краіны. Гэты раз не быў выключэннем. Памятаю, што ў першы дзень у Мінску я павітаў па-беларуску прадавачку ў краме, але яна неяк дзіўна на мяне паглядзела, нібыта вар'ята ўбачыла.

— Не таму я беларус, што нарадзіўся ў Беларусі, а таму, што Беларусь нарадзілася ўва мне.