“Расіяне нечакана даведаліся, што ў Беларусі ёсць свае інтарэсы, і разгубіліся”

На тэлеканале НТВ ў праграме “Месца сустрэчы” абмеркавалі “еўраінтэграцыю Беларусі”. Нашу краіну ў студыі прадстаўляў адзін з лідараў кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Ток-шоў выходзіла ў жывым эфіры і, па словах Дзмітрыева, ад беларускіх праграм “Месца сустрэчы” адрозніваецца больш жорсткай і інтэнсіўнай дыскусіяй ды тым, што вядучыя выразна спрабуюць давесці аўдыторыі нейкую загадзя вызначаную думку.

Па словах Дзмітрыева, па настроях у студыі адчувалася, што расіяне нечакана “адкрылі для сябе Беларусь”. Даведаліся, што мы, як высвятляецца, асобны, а не “адзін народ”, што ў нас ёсць свае інтарэсы, якія мы адстойваем нават насуперак меркаванню Расіі.

Дзмітрыеў: “Там да гэтага часу шмат людзей, якія лічаць, што мы адзін народ у дзвюх дзяржавах і што нашы інтарэсы павінны фарміравацца ў Маскве. Я даводзіў, што мы незалежная, еўрапейская дзяржава і фарміруем свае інтарэсы самі. Што гэта наш інтарэс ― сябраваць і гандляваць з Расіяй, а не тое, што мы гэта некаму павінныя”.

Беларускі палітык прызнае: вопыту весці дыскусію ва ўмовах, калі студыя цябе асвіствае, а вядучыя вырываюць мікрафон ды рэзка перабіваюць, не даючы завершыць думку, у беларускіх палітыкаў няма. Але адмаўляцца ад удзелу ў такіх праграмах не варта. Маўляў, гэта магчымасць выказаць сваё меркаванне, а хто хоча ― той пачуе.

“Калі чакаць лепшых умоў, то іх можна і не дачакацца. І казаць будуць толькі тыя, хто даводзіць, што Беларусі няма, што яе з’яўленне ― гістарычная памылка. Супярэчыць ім ніхто не будзе і ўсе будуць пагаджацца. Могуць вырваць мікрафон, але я працягваю казаць і завяршаю сваю думку”.

Дзмітрыеў раіць будучым удзельнікам ток-шоў такога кшталту не забывацца, куды яны ідуць, быць больш настойлівымі і ўпартымі.