Вы тут

Расія ўжо не спяшаецца з адзінай валютай з Беларуссю

ria.ru

Расіі і Беларусі не трэба спяшацца з вырашэннем пытання аб адзінай валюце і грашова-крэдытнай палітыцы. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю радыёстанцыі “Эхо Москвы” міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін. Паводле яго словаў, адзіная валюта —  гэта завяршальны этап інтэграцыі.

“Бегчы наперадзе з пункту гледжання стварэння адзінай валюты і адзінай грашова-крэдытнай палітыкі дакладна не варта, трэба, каб эканамічная ўзаемасувязь была гэтулькі моцная, каб увядзенне валюты не прыводзіла да такіх хістанняў”, — сказаў расійскі міністр.

Ён таксама сказаў, што пытанне адзінай валюты “глыбока не абмяркоўвалі”, бо “гэта пытанне зусім далёкіх тэрмінаў, мы цяпер глядзім на бліжэйшыя пару гадоў”. На сёння, кажа Арэшкін, размова пра тое, каб расійскія і беларускія прадпрыемствы незалежна ад іх рэгістрацыі знаходзіліся ў адзінай эканамічнай прасторы.