Раманчук: Рынкі для многіх беларускіх прадпрыемстваў лопнулі надоўга

За першыя два месяцы 2015 года валютная выручка Беларусі склала 4,85 млрд. долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года яна знізілася на чвэрць. Увогуле ж аб'ём валютнай выручкі сёлета скараціўся да мінімальнага ўзроўню з 2011 года.

Зніжэнне экспарту эканамісты тлумачаць праблемамі ў расійскай эканоміцы. А скарачэнне імпарту — найперш абмежаваннем аб'ёмаў фінансавання прадпрыемстваў, зніжэннем прамысловай вытворчасці і даходаў насельніцтва.

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук заўважае, што Беларусь стабільна знаходзіцца ў стадыі глыбокай рэцэсіі.

“Гэта кажа пра тое, што штучная дзяржпадтрымка прадпрыемстваў не працуе і не дае тых вынікаў, на якія разлічвае ўрад. Знешнія рынкі для многіх беларускіх прадпрыемстваў лопнулі надоўга і хуткага аднаўлення іх не будзе. І зразумела, гэта сігнал, што беларускай эканоміцы патрэбныя структурныя рэформы, пра якія мы даўно гаворым. Калі падае імпарт, гэта сведчыць пра тое, што прадпрыемствы не могуць вырабляць тавары ў ранейшых аб’ёмах. Адсюль патрэбна кіраванне па-новаму. І першае, што прыходзіць на розум кіраўніцтву прадпрыемстваў і ўраду — гэта звальненне працоўнай сілы мінімум на 15%”, — мяркуе Раманчук

Эканаміст дадае, што 2015 год стане першым годам у навейшай гісторыі Беларусі, калі ўзровень беспрацоўя будзе не 1%, а мінімум 10%. Нагадаем, на некаторых беларускіх прадпрыемствах ужо 2 месяцы ідуць так званыя вытворчыя вакацыі, калі праца спыняецца на некалькі дзён ці тыдняў.

“Прадпрыемствы спыняюць працу і гэта сведчыць пра тое, што акрамя як прасіць грошай яны нічога не ўмеюць і не могуць. Некаму дзяржава дае грошай, некаму не. Вы паглядзіце, крэдытаванне прадпрыемстваў павялічылася на 10%! Гэта азначае, што грошы ідуць, і нас чакае высокі ўзровень інфляцыі”, — кажа Раманчук. На думку спецыяліста, у сувязі з гэтымі працэсамі ўзровень інфляцыі ў Беларусі таксама павялічыцца мінімум да 21%.

Адсюль, як заўважае Яраслаў Раманчук, курс долара ў Беларусі будзе расці і далей.

“Тым больш калі Нацбанк сказаў, што не будзе ўмешвацца ў рэгуляванне курса долара. Я не змяняю свой прагноз на канец года з курсам у 21 тысячу за долар”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі