Раманчук: Да канца года бензін можа падаражэць яшчэ на 50-60 капеек

Раманчук: Да канца года бензін можа падаражэць яшчэ на 50-60 капеек

Міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак заявіў, што Расія можа з 2019 года спыніць пастаўкі ў Беларусь сваіх нафтапрадуктаў. Калі Масква пойдзе на гэты крок, то беларусаў чакае рэзкае падаражанне аўтамабільнага паліва, заявіў у эфіры Еўрарадыё эканаміст Яраслаў Раманчук.

“Калі будзе інфармацыя, што Расія больш не дасць нам сваіх нафтапрадуктаў, то, мяркую, нам варта чакаць яшчэ павышэння кошту на бензін. Калі сёння літр бензіну каштуе 70 цэнтаў у эквіваленце, то будзе – 95 цэнтаў ці 1 долар (падаражанне на 25-30 цэнтаў, а гэта па сённяшнім курсе складае прыблізна 52-63 капейкі – Еўрарадыё). Лукашэнка ці Румас [прэм’ер-міністр Беларусі – Еўрарадыё] скажуць, што ў нас продаж новых аўтамабіляў вырас за першую палову года на 50 ці 60% і калі людзі ў нас такія багатыя, каб набываць новыя аўто, то няхай плацяць за нафту. Бо ў нас і дэфіцыт Фонда сацыяльнай абароны, і бюджэтнікам заробкі трэба павышаць. А людзі, якія набываюць новыя аўто, – гэта не тыя, што лічаць капейку ад заробку да заробку. І я баюся, што з-за гэтага [рашэння Масквы – Еўрарадыё] мы пабачым і павышэнне кошту электраэнергіі – за святло будзем больш плаціць, і паслугі ЖКГ будуць даражэйшыя. А нам скажуць, што адбываецца так таму, што Расія ашукала нас у межах Еўразійскага праекту”, – кажа Яраслаў Раманчук.

На думку эканаміста, уладам Беларусі варта паставіць пытанне аб мэтазгоднасці ўдзелу нашай краіны ў сумесных з Расіяй інтэграцыйных праектах.

“Трэба, да прыкладу, заявіць пра намер на 9 месяцаў прыпыніць сваё сяброўства ў саюзнай дзяржаве. Няхай гэта стане такой палітычнай, медыйнай нагодай для таго, каб людзі пачалі асэнсоўваць тое, куды мы зайшлі. Чаму мы павінны быць рабамі Газпрама, Раснафты і тых расійскіх мільярдэраў-лабістаў, якія што хочуць, тое і робяць”, – кажа суразмоўца Еўрарадыё.

Па словах Раманчука, нашай краіне даўно ўжо трэба “саскокваць з расійскай нафтавай іглы” і брацца за пабудову ў Беларусі сапраўднай рынкавай эканомікі.

Цалкам размову з Яраславам Раманчуком можна паслухаць і паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі