Ракетны ўдар па Адэсе, ёсць загінулы і параненыя — 76-я раніца вайны

Пажар пасля ракетнага ўдару ў Адэсе / facebook.com/okPivden
Пажар пасля ракетнага ўдару ў Адэсе / facebook.com/okPivden

На Адэсу ўчора ўвечары ўпалі сем расійскіх ракет. Адзін чалавек загінуў, яшчэ пяцёра атрымалі раненні. Пра гэта паведамляе ўкраінскае аператыўнае камандаванне "Поўдзень". Там таксама адзначылі, што ракеты, якімі абстралялі горад, былі "рарытэтнымі, савецкага ўзору", і ў іх ужо па ўзросце пакутуе навядзенне.

"Вышукваючы стратэгічныя аб'екты, састарэлымі ракетамі ўдалося трапіць у "надзвычай небяспечны" гандлёвы цэнтр і склад гатовай прадукцыі шырокага спажывання", — адзначылі ў камандаванні "Поўдзень".

Адна з ракет трапіла ў прадпрыемства грамадзянскай інфраструктуры, дзе ішоў працоўны працэс. Пра гэта распавёў мэр Адэсы Генадзь Труханаў. Паводле яго слоў "нічога агульнага з ваеннай інфраструктурай і ваеннымі аб'ектамі гэта прадпрыемства не мае. Ніякіх тут складоў зброі і боепрыпасаў няма і не было".

У Генштабе УСУ тым часам не выключаюць верагоднасць "дыверсій на аб'ектах хімічнай прамысловасці Украіны з наступным абвінавачваннем у гэтым падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны".

У Марыупалі працягваюць — з ужываннем авіяцыі — знішчаць інфраструктуру завода "Азоўсталь". Ідуць баявыя дзеянні.

Між тым на "Азоўсталі" застаюцца больш за 100 грамадзянскіх асоб, а ўсяго ў горадзе — каля 100 тысяч. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона заявіў старшыня Данецкай адміністрацыі Павел Кірыленка. Эвакуацыя ідзе вельмі павольна — у тым ліку праз фільтрацыйныя працэдуры, якія ўвялі расіяне.

"Мы ўжо прывыклі да таго, што расіяне ў дамоўленасцях паказваюць адно, а фактычна адбываецца іншае. Але мы мэтанакіравана і зладжана рухаемся для таго, каб людзей эвакуіраваць",цытуе Кірыленка "Громадське".

Дзіцячы амбудсмен Украіны Дар'я Герасімчук распавяла аб раненнях і псіхалагічных траўмах, якія дыягнастуюць медыкі ва ўкраінскіх дзяцей. У большасці выпадкаў (93%) медыкі вымушаныя мець справу з мінна-выбуховымі і агнястрэльнымі раненнямі ў дзяцей.

"12 дзяцей перажылі ампутацыю ніжніх або верхніх канечнасцяў. Вайна кожны дзень калечыць нашых дзяцей", — адзначыла Герасімчук. Яе словы прыводзіць УНІАН.

Нагадаем, паводле звестак Офіса Генеральнага пракурора Украіны, з пачатку вайны ў краіне загінулі 226 дзяцей, 416 атрымалі раненні.

Ракетный удар по Одессе, есть погибший и раненые — 76-е утро войны
Жыхар Ірпеня пасля абстрэлу горада расійскімі войскамі ў сакавіку 2022 года / Reuters

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 9 траўня падпісаў закон аб ленд-лізе для Украіны. Гэта дае магчымасць паскорыць пастаўкі Украіне ўзбраення.

Японія тым часам абвясціла санкцыйны спіс супраць Расіі. У яго ўвайшлі больш за 130 чалавек, у тым ліку прэм'ер-міністр Расійскай Федэрацыі Міхаіл Мішусцін, намеснік сакратара Савета бяспекі РФ Рашыд Нургаліеў, кіраўнікі "ЛДНР", а таксама сваякі бізнэсмэна Генадзя Цімчанкі. Пашыраны і санкцыйны спіс кампаній — абмежаванні закрануць шэраг прадпрыемстваў, звязаных з абаронным сектарам. Гаворка ідзе ў тым ліку аб прадпрыемстве "Алмаз-Антэй" і карпарацыі "Тактычнае ракетнае ўзбраенне".

Камітэт Пулітцэраўскай прэміі вырашыў адзначыць украінскіх журналістаў. Ім прысудзілі ўзнагароду ў спецыяльнай намінацыі "Асаблівая згадка".

"Нягледзячы на бамбардзіроўкі, выкраданні, акупацыю і нават смерць сваіх калегаў, яны ўпарта спрабуюць даць дакладнае апісанне жудаснай рэальнасці, што робіць гонар Украіне і журналістам ва ўсім свеце", — адзначылі ў Пулітцэраўскім камітэце.

Эйфелева вежа ў Парыжы ўчора свяцілася фарбамі ўкраінскага сцяга. Ва Францыі вырашылі яшчэ раз выказаць падтрымку ўкраінцам. Нагодай стаў Дзень Еўропы. Нагадаем, Францыя сёлета кіруе ў Савеце ЕС. Пра гэта распавядае УНІАН.

Ракетный удар по Одессе, есть погибший и раненые — 76-е утро войны
Эйфелева вежа ў фарбах ўкраінскага сцяга / @uniannet

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі