Вы тут

Рабочыя забастоўкі: як у Беларусі рабочыя і прадпрымальнікі абаранялі свае правы

Мітынг рабочых на плошчы Незалежнасці ў 1991 годзе / Сяргей Брушко

Летась ледзь не ўпершыню за апошнія 20 гадоў рабочыя беларускіх заводаў праявілі палітычную свядомасць і сталі пагражаць уладам забастоўкамі і стачкамі.

Еўрарадыё ўспамінае гісторыю буйных беларускіх рабочых забастовак.

 

Красавіцкія забастоўкі 1991 года

3 красавіка 1991 года рабочыя Мінскага электратэхнічнага завода спынілі працу і разам з рабочымі Завода аўтаматычных ліній і Завода шасцерняў выйшлі на вуліцу. Рабочыя заблакавалі рух трамвая на вуліцы Даўгабродскай. Калоны прайшліся па цэнтры Мінска да Дома ўрада.

Тады ж на плошчы Незалежнасці адбыўся адзін з найбуйнейшых у гісторыі Беларусі выступаў рабочых у абарону свайго сацыяльна-эканамічнага становішча. Спярша патрабаванні былі выключна эканамічныя: падвышэнне зарплаты і зніжэнне цэн. Аднак неўзабаве дадаліся палітычныя.

Ужо 4 красавіка забаставалі іншыя прадпрыемствы. Забастоўка ахапіла дзясяткі працоўных калектываў. У рэспубліканскі забастовачны камітэт увайшлі 98 прадпрыемстваў. У сталіцы баставалі Мінскі электратэхнічны завод, Мінскі завод шасцерняў, Мінскі завод аўтаматычных ліній і МАЗ. На мітынг каля Дома ўрада сабралася 50 тысяч чалавек.

Мітынг рабочых на плошчы Незалежнасці ў 1991 годзе / Сяргей Брушко

Забастоўка ахапіла рэгіёны: Маладзечна, Барысаў, Салігорск, Ліду, Гомель. 24–26 красавіка 1991 года ў Оршы рабочыя-пратэстоўцы заблакавалі чыгуначныя пуці. З Мінска адправілі больш за тысячу сілавікоў, каб задушыць пратэст.

Большасць эканамічных патрабаванняў пратэстоўцаў урад БССР тады задаволіў.

Забастоўка 1991 года ўвайшла ў гісторыю Беларусі як найбуйнейшая масавая дэманстрацыя працоўных у барацьбе за свае палітычныя і эканамічныя правы.

 

Забастоўка "Беларуськалія" ў 1992 годзе

У 1992 годзе беларускія гарнякі аказаліся незадаволеныя сваім становішчам. Пасля працяглых і беспаспяховых перамоў прадстаўнікоў Незалежнага прафсаюза гарнякоў з кіраўніцтвам "Беларуськалія" рабочыя абвясцілі 12 сакавіка пра пачатак бестэрміновай забастоўкі. Праз некалькі дзён яны заблакавалі чыгуначныя пуці, каб не дапусціць адгрузкі з прадпрыемства.

У канцы сакавіка рабочыя 4-га рудаўпраўлення абвясцілі пра пачатак галадоўкі. Восем шахцёраў і іх сямейнікі галадалі ў будынку ўпраўлення "Беларуськалія" ў Салігорску. Нягледзячы на ўсё гэта, кіраўніцтва і ўрад не пайшлі на саступкі

На шматтысячным мітынгу ў Салігорску ўдзельнікі абвяшчаюць: ідзём на Мінск.

Забастоўка "Беларуськалія" ў 1992 годзе

Дабраўшыся да Мінска, шахцёры накіравалі сваіх актывістаў на ўсе вялікія прадпрыемствы горада з просьбай пра падтрымку. Вялікі мітынг быў арганізаваны каля будынка Вярхоўнага Савета.

Пасля гэтага ўлады пайшлі на саступкі. Было падпісана Часовае пагадненне. Дзякуючы яму была падвышаная зарплата больш чым у тры разы. А таксама дамагліся аплаты дывідэндаў, часу руху на працоўныя месцы, начных і аздараўленчых. Павелічэння адпачынкаў, стварэння персаніфікаванага пенсійнага страхавання і іншых ільгот, частка з якіх існуе дагэтуль.

За 44 дні, каб дасягнуць сваёй мэты, рабочыя "Беларуськалія" ў 1992 годзе выкарысталі ўсе даступныя ім легальныя метады: забастоўкі, галадоўкі, паходы да ўрада, масавыя мітынгі і доўгія знясільвальныя перамовы.

 

Забастоўка метрапалітэна ў 1995-м

У 1995 годзе прайшла апошняя ў ХХ стагоддзі забастоўка ў Беларусі. Работнікі Мінскага метрапалітэна запатрабавалі адстаўкі кіраўніцтва метро, выканання калектыўнай дамовы і своечасовай выплаты заработнай платы.

17 жніўня 1995 года яны спынілі сваю працу. Улады не задаволілі патрабаванні забастоўшчыкаў. Дзяржаўная прапаганда разгарнула кампанію цкавання супраць іх.

Забастоўка метрапалітэна ў 1995-м

Забастоўка была жорстка задушаная сілавікамі, рабочых-забастоўшчыкаў выкінуў з тэрыторыі метрапалітэна АМАП, дзясяткі людзей былі звольненыя. Каб аднавіць работу метро, улады запрасілі машыністаў-штрэйкбрэхераў з Беларускай чыгункі і з Масквы.
 

Забастоўка іпэшнікаў у 2013 годзе

У канцы чэрвеня 2013 года каля 70% індывідуальных прадпрымальнікаў, большасць з якіх былі гандлярамі на рынках і ў ГЦ, абвясцілі забастоўку.

Прычынай для такой радыкальнай акцыі стала ўвядзенне новага тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Згодна з ім, прадаўцы абавязаныя мець сертыфікаты якасці ад вытворцаў замежнай прадукцыі.

Забастоўка іпэшнікаў у 2013 годзе

Забастоўка прымусіла адказныя міністэрствы прыняць сумесную пастанову, згодна з якой для часткі прадпрымальнікаў да 1 ліпеня 2014 года будзе спрошчаны парадак сертыфікацыі. Нягледзячы на паўторныя забастоўкі ўжо ў 2014 годзе, прадпрымальнікі не змаглі змяніць новы тэхрэгламент.

Жнівень 2020 года

Неўзабаве пасля трох дзён інфармацыйнай блакады і адключанага інтэрнэту ў жніўні рабочыя беларускіх заводаў сталі абвяшчаць пра забастоўкі. У адказ на гэта на рабочых-пратэстоўцаў пачалі ціснуць, актывістаў — затрымліваць і адпраўляць на суткі.

Рабочыя-забастоўшчыкі аўтамабільнага, трактарнага, маторнага, электратэхнічнага заводаў удзельнічалі ў першым масавым маршы 16 жніўня, а таксама паспелі маршам прайсціся па вуліцах Мінска да будынка Белтэлерадыёкампаніі.

17 жніўня Аляксандр Лукашэнка прыехаў на Мінскі завод колавых цягачоў, яго сустрэлі крыкамі "сыходзь", што яго, вядома, не парадавала, бо рабочыя заўсёды лічыліся яго ядзерным электаратам.

Пра забастоўку абвясцілі работнікі "Беларуськалія", дзе было пачата фармаванне стачачных камітэтаў. Сілавікі, у прыватнасці КДБ, пачалі запалохванне і затрыманне актывістаў стачачнага руху "Беларуськалія". Неўзабаве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што замест шахцёраў-забастоўшчыкаў могуць быць запрошаны ўкраінскія спецыялісты. У верасні 2020 года Мінскі абласны суд прызнаў забастоўку "Беларуськалія" незаконнай.

На Беларускім металургічным заводзе на 5 гадзін былі спыненыя 3 сталеплавільныя печы; рабочыя-металургі заявілі, што ў выпадку невыканання іх патрабаванняў завод пачне бестэрміновую забастоўку. Але гэтага так і не здарылася. Некалькі чалавек у выніку былі асуджаныя на рэальныя тэрміны за спробы арганізаваць забастоўку.

Пратэсты рабочых у жніўні 2020-га / Reuters

Часткова спынілі працу або арганізоўвалі масавыя мітынгі з намерам пачаць забастоўку работнікі наваполацкага НПЗ "Нафтан" і хімзавода "Палімір". Іх рабочыя сабралі 3,5 тысячы подпісаў пад зваротам з патрабаваннем адстаўкі Лукашэнкі і Ярмошынай, аднак кіраўніцтва прадпрыемства не прызнала іх сапраўднасць, зварот знішчыла, а пратэставы рух задушыла.

Работнікі МТЗ яшчэ 14 жніўня прайшліся маршам па Мінску. Для задушэння пратэставых настрояў і планаў на забастоўку на Мінскім трактарным заводзе быў выкліканы АМАП, частка стачачнікаў была затрыманая. Спрабаваў баставаць і МАЗ, але неўзабаве пратэставыя настроі былі задушаныя пагрозамі кіраўніцтва і рэпрэсіямі сілавікоў.

Эпіцэнтрам забастовачнага руху ў Гродне стаў "Гродна Азот", сотні работнікаў якога ўдзельнічалі ў акцыях салідарнасці і выходзілі на гарадскую плошчу. Але ў жніўні забастоўкі так і не здарылася. Спроба спыніць прадпрыемства ў дзень усеагульнай забастоўкі 26 кастрычніка таксама не увянчалася поспехам. Частка рабочых адмовілася баставаць, а кіраўніцтва прадпрыемства запрасіла штрэйкбрэхераў з "Нафтана".

Работнікі "Гроднажылбуда" большасцю галасоў прынялі рашэнне выйсці на забастоўку, аднак кіраўніцтва не прызнала вынікаў сходу, і многія будаўнікі выйшлі на працу.

Пратэсты рабочых, акрамя асобных выпадкаў, спыніліся яшчэ ў жніўні 2020 года. Імпульсіўны масавы пратэст завадчан сышоў на нішто з шэрагу прычын. Тут і роля сілавікоў, і ціск кіраўніцтва. Спантанныя лідары рабочага руху хутка ліквідаваліся: іх адпраўлялі на суткі ці змушалі ўцякаць з краіны. Немалаважную ролю ў правале стачак адыграла юрыдычная непадрыхтаванасць рабочых да такіх пратэстаў. Проста ні ў кога практычна не было досведу такіх акцый. Застаўшыся самі з сабой, рабочыя неўзабаве спынілі актыўны пратэст.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.