Пяскоў: Лукашэнка прыедзе на адкрыццё чэмпіянату свету па футболе

Пяскоў: Лукашэнка прыедзе на адкрыццё чэмпіянату свету па футболе

На адкрыццё чэмпіянату свету па футболе ў Маскву прыедзе шэраг кіраўнікоў дзяржаў. Ва Уладзіміра Пуціна запланаваныя асобныя сустрэчы з імі. Пра гэта 13 чэрвеня паведаміў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, перадае РБК.

З некаторымі замежнымі калегамі кіраўнік Расіі сустрэнецца ўжо 13 чэрвеня. На гэты дзень у яго запланаваныя перамовы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, прэзідэнтам Руанды Полем Кагаме, кіраўніком Балівіі Эва Маралесам, а таксама прэм'ер-міністрам Лівана Саадам Харыры і прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам.

Таксама на чэмпіянат свету ў Расію прыедуць кіраўнікі Казахстана (Нурсултан Назарбаеў), Беларусі (Аляксандр Лукашэнка), Кіргізіі (Сааранбай Жээнбекаў), Малдовы (Ігар Дадон), Панамы (Хуан Карлас Варэла), Таджыкістана (Эмамалі Рахмон), Узбекістана (Шаўкат Мірзіёеў), а таксама новаабраны прэзідэнт Парагвая (Марыё Абдо Бенітэс). Па словах Пяскова, усе яны будуць прысутнічаць на адкрыцці турніру 14 чэрвеня.

Як няцяжка заўважыць, з еўрапейскіх краінаў прыедуць у Маскву толькі кіраўнікі Беларусі і Малдовы. 

Таксама на цырымоніі будуць прысутнічаць спадкаемны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед ібн Салман Аль Сауд, а таксама старшыня прэзідыума вярхоўнага народнага сходу КНДР Кім Ён Нам.

Чэмпіянат свету па футболе пройдзе ў Расіі з 14 чэрвеня па 15 ліпеня ў 11 гарадах. Урачыстае адкрыццё адбудзецца на стадыёне "Лужнікі" ў Маскве.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі