Прыгоды “голай дупы” гурта Sex працягваюцца

Знакамітае “відэазапрашэнне” гурта Sex, з-за якога быў адменены рок-фэст “ROCKachev”, 14 лістапада разглядалася ў судзе Рагачова. Лідара гурта Валерыя Навічкова, якому раней спрабавалі “прышыць” крымінальную справу “за распаўсюджанне парнаграфіі”, цяпер абвінавачваюць у адміністратыўным правапарушэнні. Нібыта ролік “з голай дупай” — гэта рэклама, якая, па словах абвінаваўцы, не адпавядае нормам агульнапрынятай маралі.

“У выніку суддзя сказаў мне, што нас абвінавачваюць у тым, што нібыта мы размясцілі ролік на сайтах і электроннай пошце спонсараў, — смяецца Навічкоў. — То бок, гэта зрабіў нейкі ананім — выгрузіў ролік з нашай старонкі і размясціў яго паўсюль. І да роліка дадаў ліст, што нібыта гэты ролік з’яўляецца рэкламай фэсту. І, маўляў, калі вы падтрымаеце такі фестываль, то “грош вам цана”, і я буду звяртацца ў вышэй стаячыя інстанцыі”.

Навічкоў сцвярджае, ніякай рэкламай у роліку “не пахне”: аматарскі калектыў мусіў выступіць на дабрачынным мерапрыемстве, не гаворачы пра “заказчыка і выканаўцу”. Выслухаўшы абвінавачанага, суддзя знайшоў памылкі ў афармленні пратакола і не знайшоў складу злачынства.

“Цяпер сітуацыя складаецца такім чынам, што з-за нечыяй бязладнасці, з-за таго, што нехта проста перастрахаваўся, адмянілі фэст і нас цягаюць па судах больш за 4 месяцы. Мяне звольнілі з працы, жонку маю звольнілі з працы, а ўсё ідзе да таго, што нічога злачыннага, ні крымінальнага, ні адміністратыўнага ў нашых дзеяннях няма”, — працягвае музыка.

Наступнае паседжанне суда па справе гурта Sex прызначанае на 3 снежня.

Чытайце таксама: Ананім-нядобразычлівец спрабуе “заглушыць” рагачоўскіх рокераў

Фота: rogacheve.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі