Прэзідэнт Казахстана даручыў паклапаціцца пра расіян, якія бягуць ад мабілізацыі

Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі на мяжы з Казахстанам павялічыўся паток людзей / ufatime.ru

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў даручыў "праявіць клопат" пра расіян, што бягуць ад мабілізацыі, і "гарантаваць ім бяспеку".

"Гэта палітычнае і гуманітарнае пытанне. Я даручыў ураду прыняць неабходныя меры. Наогул у такой няпростай сітуацыі трэба ў першую чаргу праявіць чалавечнасць, цярпенне, арганізаванасць", — заявіў ён. Словы прэзідэнта прыводзіць партал vlast.kz. Расіянам дапамогуць, але пры гэтым ніякіх прэферэнцый яны не атрымаюць. Усё будзе па законе і ў рамках "нашых абавязанняў". Такаеў таксама заявіў, што мае намер абмеркаваць гэтую сітуацыю з расійскім бокам, але вырашаць гэтую сітуацыю будзе ў інтарэсах сваёй краіны.

"У гэты складаны перыяд нам патрэбныя перш за ўсё адзінства і дабрабыт. Толькі захаваўшы мір у краіне, мы зможам стабільна развівацца. Мы павінныя сур'ёзна абмяркоўваць і прадумана вырашаць усе пытанні", — падкрэсліў ён.

Паток расіян у сумежныя краіны, а таксама дзяржавы, куды можна паляцець без віз, павялічыўся пасля абвяшчэння ў краіне мабілізацыі. З 21 верасня ў Казахстан заехала каля 98 тысяч грамадзян Расіі, пры гэтым звыш 64 тысяч ужо выехалі з рэспублікі. Пра гэта піша расійскае агенцтва ТАСС са спасылкай на прадстаўніка міграцыйнай службы МУС рэспублікі Аслана Аталыкава.

Раней улады Казахстана папярэдзілі, што не прызнаюць псеўдарэферэндумы ва Украіне аб далучэнні акупаваных тэрыторый да Расіі. У Астане заявілі, што зыходзяць з прынцыпаў тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў і іх суверэннай роўнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.