Прэс-сакратар Лукашэнкі абвергла звесткі пра нараду аб незалежнасці

Прэс-сакратар Лукашэнкі абвергла звесткі пра нараду аб незалежнасці

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі, заявіла, што кіраўнік Беларусі не праводзіў ніякую нараду, прысвечаную незалежнасці краіны. У каментары ria.ru яна заявіла: "Вы ведаеце, з пытаннем незалежнасці ў нашай краіне вызначыліся даўно, і яно нават не абмяркоўваецца. Ніякіх нарад на гэтую тэму не было, гэта ўсё плод чыёйсьці буйнай фантазіі".

Звесткі пра закрытую нараду ў Лукашэнкі з'явіліся ў СМІ напрыканцы тыдня. На ёй нібыта  абмяркоўвалася пытанне незалежнасці ва "ўмовах ціску з боку Расіі". Паведамлялася, што ўдзельнікі нарады вырашылі "да канца стаяць за незалежнасць".

У чацвер, 13 снежня, кіраўнік расійскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў беларускаму кіраўніцтву больш шчыльную дзяржаўную інтэграцыю — стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай і судовай сістэмаў і г.д. 

На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад расійскімі СМІ заявіў, што суверэнітэт краіны — гэта святое. Ён запэўніў, што Беларусь ніколі не ўдасца падзяліць на вобласці і "ўпіхнуць у Расію".

Нагодай для чарговай спрэчкі паміж Мінскам і Масквой стаў падатковы манеўр ў расійскай нафтавай сферы. Беларуская ўлада спадзявалася на кампенсацыю гэтага манеўра з боку Расіі — называлася нават лічба ў 300 мільёнаў долараў за 2019 год. 

Аднак расійскі бок заявіў, што гаворка пра кампенсацыю можа ісці толькі пры паглыбленні інтэграцыі паміж краінамі. Кіраўнік Мінфіна РФ Антон Сілуанаў дадаў, што падатковы манеўр — гэта ўнутраная справа Расіі і ніякіх кампенсацый Беларусі за гэта не абяцалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі