"Пратрымацца да моманту вызвалення": як жыве Херсон пад расійскай акупацыяй

Расійскія вайскоўцы ў Херсоне / Reuters
Расійскія вайскоўцы ў Херсоне / Reuters

— Першае, што кідаецца ў вочы, — адсутнасць людзей на вуліцах пасля 16:00. Іх у прынцыпе можна ўбачыць толькі каля крам або аптэк у спадзяванні нешта купіць, — расказвае Еўрарадыё жыхар украінскага горада Херсон Максім (імя змененае ў мэтах бяспекі).

Шэсць тыдняў таму, 3 сакавіка, расійскія войскі ўзялі Херсон пад поўны кантроль. Яны кантралююць і сам горад, і ўсе пад'езды да яго — некаторыя кажуць пра блакаду абласнога цэнтра. Многія спрабуюць уцячы з яго, але хтосьці, як наш суразмоўнік, застаюцца.

 

Цэны растуць, працы няма

Максім расказвае: праз блакаванне расіянамі дарог цэны на ўсё выраслі ў некалькі разоў.

— Цукар цяпер каштуе да 100 грыўняў за кілаграм [да вайны было менш за 30 грыўняў]. Многіх лекаў, нават звычайных вітамінаў, цяпер няма. Людзі самі спрабуюць як-небудзь арганізаваць дастаўку лекаў у Херсон, але не заўсёды расіяне іх прапускаюць, часта яны забіраюць лекі проста на блокпастах.

Продержаться до момента освобождения: как живёт Херсон под российской оккупацией
Мітынг супраць акупацыі / twitter/@IuliiaMendel

Максім кажа, што становяцца ўсё больш частымі выкраданні людзей, потым іх, па яго словах, катуюць.

— Бацьку знаёмай выкралі, проста так, ён не вайсковец, не валанцёр, ён проста выйшаў у краму. Адпусцілі праз два тыдні, прыйшоў дадому збіты, галодны, па ім было відаць, як да яго ставіліся.

Як і ў іншых акупаваных гарадах, у Херсоне расійскія вайскоўцы не грэбуюць марадзёрствам — асабліва ў першы час.

— Згвалтаванняў, дзякуй богу, няма, або пра іх проста не чуваць. Былі чуткі, але іх ніхто не можа ні пацвердзіць, ні абвергнуць, бо людзі цяпер баяцца гаварыць, — расказвае Максім.

Але, нягледзячы на ўсё, горад спрабуе трымацца, кажа Максім. Шмат хто з'ехаў, але яны хочуць вярнуцца ва ўкраінскі Херсон. А не ў "Херсонскую народную рэспубліку", якую на нейкім этапе хацелі стварыць расіяне.

— Расіяне ўжо вывесілі свае сцягі на будынак СБУ, абласную дзяржаўную адміністрацыю, аддзяленне паліцыі. Але застаецца шмат украінскіх сцягоў. Дарэчы, у апошнія дні расіяне пачалі прыбіраць рэкламныя банеры з фразамі "Херсон — це Україна!" ці фразай пра рускі ваенны карабель. Яшчэ яны знішчылі партрэты герояў Нябеснай сотні ў нашым парку.

Продержаться до момента освобождения: как живёт Херсон под российской оккупацией
Расійскі сцяг на разбураным будынку СБУ ў Херсоне / Ігар Цуркан

План па стварэнні "ХНР" расіяне ўжо спрабавалі рэалізаваць — беспаспяхова. Выкарыстоўвалі яны цікавыя метады.

— Пагроза ўтварэння ХНР ёсць, таму што расіяне ўжо неаднаразова прывозілі людзей з турмаў і Крыма для стварэння карцінкі для ТБ, і кожны раз мы выходзім на мітынг, каб перашкодзіць. Мінулым разам расіяне стралялі ў паветра, кідалі святлошумавыя гранаты, таксама пускалі слезацечны газ. Былі выпадкі, калі яны стралялі ў людзей, тады дакладна былі параненыя.

Нягледзячы на гэта, Максім дадае: "Херсон супраць стварэння ХНР, і гэта не толькі мая думка, а думка ўсіх мясцовых".

У канцы размовы Максім просіць згадаць: "На жаль, гэта небяспечна, але, нягледзячы на ўсё, Херсон актыўна дапамагае Украіне — паведамленнямі пра перасоўванні расійскіх акупантаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі