“Пракурор прафілактычна пагутарыў”. Як улады рэагавалі на скаргі назіральнікаў

“Пракурор прафілактычна пагутарыў”. Як улады рэагавалі на скаргі назіральнікаў

З 200 старонак парушэнняў, якія Караткевіч накіравала ў ЦВК, там прызналі толькі адно.

Скарга экс-кандыдаткі ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч разам з дадаткамі змясцілася на 200 старонках. Але толькі адно з адлюстраваных там парушэнняў Цэнтрвыбаркам прызнаў сапраўдным — тую самую улётку з выбарчым лозунгам Лукашэнкі і накладам у 2,5 мільёна.

“Адзінае парушэнне, прызнанае Цэнтральнай выбарчай камісіяй, гэта тое, што улёткі Аляксандра Лукашэнкі мелі няпоўныя выходныя дадзеныя. Але і гэта было патлумачана, як памылка друкарні”, — расказвае сябра ініцыятыўнай групы Караткевіч Ігар Лялькоў, які прысутнічаў на разглядзе скаргі.

Праўда, ніякіх штрафных санкцый да штаба Лукашэнкі прымяняць не будуць. Бо штаба ўжо няма. Адпаведна, і папярэджанняў (а за такое могуць толькі папярэдзіць) выносіць няма каму.

Праваабаронца незарэгістраванага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч расказвае, што ім сёлета таксама ўдалося дамагчыся прызнання парушэнняў з боку ЦВК і ўладаў. Праўда, часам рэакцыя на скаргі была нейкай дзіўнай. Таго ж кіраўніка “Белтэлерадыёкампаніі” Лідзія Ярмошына нібыта пакарала. Але ў выніку незразумела, чаму яго, а не самога кандыдата, чыёй даверанай асобай Давыдзька быў. Пакаранняў для давераных асобаў увогуле не існуе ў заканадаўстве.

“Пракурор прафілактычна пагутарыў”. Як улады рэагавалі на скаргі назіральнікаў

Скарга па Давыдзьку была задаволеная. Праўда, вельмі дзіўным чынам. Яе пісаў наш юрыст Павел Сапелка. Рабіў гэта ў выглядзе электроннага звароту на сайце Цэнтрвбаркама. Пісьмовага адказу на яго мы не атрымалі. І, вядома, тое, што мы потым убачылі, не адпавядае патрабаванням выбарчага кодэкса

Валянцін Стэфановіч

“Скарга па Давыдзьку была задаволеная. Праўда, вельмі дзіўным чынам. Яе пісаў наш юрыст Павел Сапелка. Рабіў гэта ў выглядзе электроннага звароту на сайце Цэнтрвбаркама. Пісьмовага адказу на яго мы не атрымалі. І, вядома, тое, што мы потым убачылі, не адпавядае патрабаванням выбарчага кодэкса”, — расказвае Стэфановіч.

Яшчэ адна гучная справа, па якой удалося дачакацца ад уладаў хоць нейкага фідбэку, — гэта відэаролік з “Беларуськалія”. На ім гендырэктар прадпрыемства раздае ўказанні падначаленым, як правільна, хутка і ў лепшым выглядзе правесці выбары. Валянцін Стэфановіч кажа, што адразу паўплываць на сітуацыю спрабавалі праз Следчы камітэт:

“Мы адразу падалі скаргу ў Следчы камітэт Салігорскага раёна і ў пракуратуру Салігорскага раёна. СК ніякіх дзеянняў, якія б сведчылі аб крымінальным злачынстве, не ўгледзеў. Ні нават адміністратыўнага правапарушэння. І праверку не праводзіў, матэрыялы накіравалі ў пракуратуру. Пракуратура нам таксама дала адказ, што злачынства няма. Але пракурор Салігорскага раёна правёў прафілактычную гутарку з кіраўніком прадпрыемства аб недапушчэнні парушэнняў”.

 

Ці можна лічыць падобныя дзеянні пракуратуры афіцыйнай рэакцыяй на парушэнне заканадаўства — тое яшчэ пытанне. Прынамсі, вельмі цяжка ўявіць, што злоўленага на гарачым рабаўніка пракурор проста просіць “так больш не рабіць” і адпускае дадому.

Тым не менш у праваабаронцаў застаецца яшчэ як мінімум некалькі справаў аб парушэннях на выбарах, па якіх ёсць надзея, дамагчыся рэальнага выніку. Адна з іх — перапісаны пратакол галасавання ў Баранавічах. Назіральнікі сфатаграфавалі яго пасля падпісання членамі камісіі 11 кастрычніка. А праз дзень амаль выпадкова мясцовы журналіст сфатаграфаваў той жа пратакол у будынку тэрытарыяльнага выбаркама. З зусім іншымі лічбамі на карысць Караткевіч. Журналіст Макар Маліноўскі ўжо падрыхтаваў заяву ў Следчы камітэт з фотаздымкамі абодвух версій пратакола, ён гатовы ісці да канца.

Валянцін Стэфановіч дадае, што сёлета назіранне за выбарамі ў плане фіксацыі парушэнняў узнялося на новы узровень. Не ў апошнюю чаргу, дзякуючы пашырэнню смартфонаў і хуткаму мабільнаму інтэрнэту з сацсеткамі. “Фотадоказ, гэта ўжо не проста вусныя сведчанні. Гэта нашмат больш паказальна. Маеш фота — можаш даказаць, што твае абвінавачванні не галаслоўныя. Можна пісаць заяву ў СК, пракуратуру. Яны адмовяць — можна абскарджваць адмову ва ўзбуджэнні справы”, — даводзіць праваабаронца. І дадае, што менавіта таму сёлета так шмат прэтэнзій у выбарчых камісій было да назіральнікаў, якія спрабавалі фатаграфаваць на ўчастках.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі