Вы тут

Пракуратура праводзіць праверку выставы Алеся Пушкіна ў Гродне

Выстава Алеся Пушкіна ў Гродне / hrodna.life

Пракуратура праводзіць праверку мастацкай выставы Алеся Пушкіна, якая адчынілася днямі ў гродзенскім "Цэнтры гарадскога жыцця". 

Як паведамляла Еўрарадыё, 23 сакавіка ў "Цэнтр гарадскога жыцця" спрабавалі трапіць амапаўцы, але дзверы ў памяшканне былі зачыненыя. Акрамя таго, заўвагі на адрас установы прагучалі і ад кіраўніка Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка.

Прычынай стаў партрэт Аўгена Жыхара, які дэманструецца на выставе. Аўген Жыхар — баец антысавецкага пасляваеннага падполля, атрад якога некалькі гадоў дзейнічаў на захадзе Віцебскай вобласці. 

Уладная прапаганда называе Жыхара пасобнікам фашыстаў. "У цяперашні час выстава ў прыватнай галерэі, якая ў апошні час відавочна блытае культуру з палітыкай, згорнутая", — піша "СБ. Беларусь сегодня".

Як заявіў старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці Максім Кірыла, пасля заканчэння праверкі будзе дадзеная "прынцыповая ацэнка: пры наяўнасці прадугледжаных законам падставаў — аж да ўзбуджэння крымінальнай справы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.