Вы тут

У гродзенскі "Цэнтр гарадскога жыцця" прыйшлі амапаўцы

Выстава Алеся Пушкіна ў Гродне / hrodna.life

23 сакавіка каля 12:45 ва ўнутраны дворык будынка на Кірава, 3 у Гродне прыйшлі тры амапаўцы. Як піша hrodna.life, яны спрабавалі трапіць у "Цэнтр гарадскога жыцця" і магазін "Адметнасць". Аднак абодва памяшканні былі зачыненыя. 

Амапаўцы хадзілі каля будынка прыкладна гадзіну. Зайшлі ў іншыя памяшканні гэтага ж будынка — краму настольных гульняў "Кубік" і краму сувеніраў "Цудоўня". За рогам будынка іх увесь час чакаў мікрааўтобус. Мэта іх візіту засталася невядомай. Каля 13:40 супрацоўнікі міліцыі з'ехалі.

Мяркуецца, што нагодай для прыходу амапаўцаў магла стаць выстава Алеся Пушкіна, якая адчыніцлася ў "Цэнтры гарадскога жыцця" 19 сакавіка. На ёй прадстаўленыя партрэты байцоў пасляваеннага антысавецкага падполля — напрыклад, Яўгена Жыхара

Падчас візіту амапаўцаў старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік даваў інтэрв'ю ў жывым эфіры на YouTube-канале тэлерадыёкампаніі "Гродна". Адзін з гледачоў спытаўся ў яго пра "рассаднік БЧБ-заразы — так званы "Цэнтр гарадскога жыцця".

На гэта Каранік нагадаў, што "Цэнтр гарадскога жыцця" — гэта прыватная арганізацыя і будынкам валодае на правах прыватнай уласнасці. 

"Прыватная ўласнасць з'яўляецца недатыкальнай ў нашай краіне. Але што датычыць выставы, калі ёсць інфармацыя, што ў рамках гэтай выставы праводзіцца спроба рэабілітацыі альбо гераізацыі нацыстаў і іх памагатых, мы будзем рэагаваць у строга вызначаныя законам тэрміны. Тут пазіцыя ўласніка нас, скажам так, хвалюе. Але мы будзем і далей з імі ўзаемадзейнічаць строга ў заканадаўчым ключы. Калі будуць прыкметы парушэння, а ў нас з гэтым цэнтрам звязаная частка праблем, там, дзе ёсць парушэнні Адміністрацыйнага кодэкса, будуць прымяняцца меры рэагавання. Што датычыць дадзенай падзеі [выставы], то праводзіцца юрыдычная ацэнка", — заявіў кіраўнік аблвыканкама.

Дарэчы, за дзень да прыезду амапаўцаў, 22 сакавіка, у будынак прыходзіла актывістка руху "Інфаспецназ" Вольга Бондарава, якая называе выставу Пушкіна нацысцкай. Бондарава вядоамя тым, што напісала ў міліцыю заяву на сваю былую аднакласніцу, у якой у акне кватэры стаяў цацачны гномік з бел-чырвона-белым сцяжком.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.