Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ўзначаліць нямецкая дыпламатка Андрэа Віктарын

Новай кіраўніцай прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Мінску стане нямецкая дыпламатка Андрэа Віктарын. Пра гэта парталу tut.by паведаміла цяперашняя кіраўніца еўрапейскай місіі Майра Мора.

Яна паведаміла, што яе чатырохгадовы тэрмін службы ў Беларусі падыходзіць да канца сёлета 31 жніўня.

Па словах Майры Моры, згоду на прызначэнне Віктарын беларускі бок ужо даў. Цяпер дыпламатка з'яўляецца паслом Нямеччыны ў Латвіі. У Беларусі яна працавала дарадцам амбасады у 2000-2003-м гадах.

Андрэа Віктарын нарадзілася ў Боне ў 1957 годзе. На дыпламатычнай службе ў МЗС — з 1989 года. Працавала ў нямецкіх амбасадах у Эстоніі, Нідэрландах, Арменіі.
 
Фота: latviannews.lv