Працаваць у дзяржСМІ не гатовая — Кацярына Барысевіч аб пошуку працы і эміграцыі

Кацярына Барысевіч / фота з сацсетак
Кацярына Барысевіч / фота з сацсетак

Самыя розныя прапановы — ад продажу сельгастэхнікі да працы ў сферы турызму і рэстаранным бізнэсе — атрымала журналістка папулярнага партала Кацярына Барысевіч, калі напісала ў сацсетках, што шукае працу. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю "Нашай Ніве".

Шукаць працу яна пачала толькі каля месяца таму. Першыя месяцы пасля заключэння займалася здароўем і прыходзіла ў сябе. Нагадаем, роўна год таму Кацярыну Барысевіч затрымалі, а затым абвінавацілі ў разгалашэнні медыцынскай таямніцы. Падставай была артыкул на партале аб тым, што ў крыві загінуўшага Рамана Бандарэнкі не было слядоў алкаголю. Вышэйшыя чыноўнікі тады ў адзін голас сцвярджалі, што Бандарэнка быў п'яны. Барысевіч і лекара бальніцы хуткай дапамогі Арцёма Сарокіна асудзілі. З калоніі Кацярына выйшла ў траўні.

Ёй хацелася б застацца ў журналістыцы, але яна разумее, што такой прафесіі "у Беларусі больш не засталося, і, напэўна, давядзецца мяняць сферу дзейнасці". Хоць прапановы з медыя былі. Нават з дзяржаўных СМІ. На пытанне "ці гатовая яна там працаваць", Кацярына адказала коратка: "не, не гатовая".

Яе спецыялізацыяй былі судовыя рэпартажы, але цяпер, прызнаецца, яна не гатовая зноў зайсці ў будынак суда.

"Напэўна, мне трэба ўсё ж нейкі час, каб ад гэтага ўсяго адысці. Ды і, як я разумею, сёння ўжо журналісты не ходзяць па судах і не асвятляюць працэсы, гэтага жанру на дадзены момант не існуе", — кажа Кацярына.

Цяпер яна хацела б "рабіць гісторыі простых людзей, паказваць, як шмат класных, душэўных людзей засталося ў нашай краіне, і яны працягваюць тут жыць. Вось такія гісторыі мне блізкія".

З'язджаць з краіны яна па-ранейшаму не хоча.

"Па-першае, я тут нарадзілася, мне вельмі важна быць побач з дачкой, мець магчымасць прыехаць у сваю вёску, абняць бацькоў, бабулю. Мне важна сустрэцца з тымі, хто тут застаўся — а гэта ўжо не так шмат людзей. І галоўнае для мяне — разумець, што я дома. Гэта самае галоўнае пачуццё для мяне — ведаць, што я дома", — кажа Кацярына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі