Port Mone рыхтуюць вялікі сольнік у Мінску

21 траўня ў Мінску адбудзецца сольны канцэрт інструментальнага трыа Port Mone, чый дыск "Thou" ў сакавіку атрымаў галоўны прыз, "Альбом года", на ўзнагародах сайта Experty.by. Канцэрт стане своеасаблівым вяртаннем праекта на радзіму. Матэрыял альбома "Thou" быў створаны ў Беларусі, запісаны ў лесе пад Мінскам, выдадзены на славацкім лэйбле Hevhetia. Канцэртныя прэзентацыі праграмы паспяхова прайшлі ў Славакіі, Украіне, Польшчы, Швецыі. Фактычна, прэм'ера праграмы цяпер адбудзецца і ў Беларусі.


"Мы граем інтэрнацыянальную музыку, але яе карані менавіта ў беларускіх краявідах і настроях", — адзначаюць музыкі гурта.


Інструментальнае трыа Port Mone было створанае ў Мінску ў 2006 годзе. У яго склад уваходзяць Аляксей Варсоба (акардэон), Аляксей Ванчук (бас-гітара), Сяргей Краўчанка (перкусія). Іх музыка — аповед пра пачуцці і эмоцыі.


"Thou" — трэці альбом Port Mone. Іх дэбютны дыск "Dip" (2009) быў выдадзены на расійскім лэйблэ "Геометрия". Другі альбом "Хмелева Project" (2012), сумесны праект з украінскім фолк-гуртом "ДахаБраха", выйшаў на лэйбле "Наш формат" (Украіна). У 2013 годзе калектыў стварыў саўнд-трэк да ўкраінскага нямога фільма "Хліб" (1929).

Паводле прэс-рэлізу

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі