Польскія шампіньёны ў Расію Россельгаснагляд вазіць дазваляе, урад — не

“Польскіх шампіньёнаў цяпер няма. Ёсць вешанкі з Бранска і шмапіньёны з падмаскоўя”, — агучвае асартымент прадпрымальнік з Бранска, які займаецца грыбамі.

І скардзіцца, што грыбоў не хапае, бо “80% прадукцыі на рынку завозілі з Польшчы, цяпер нельга”. Раней Расія ўвяла забарону на ўвоз некаторых прадуктаў з краін ЕС, ЗША, Нарвегіі і Канады. А падчас саміту ў Мінску Уладзімір Пуцін абвінаваціў Беларусь у рээкспарце і нават прадэманстарваў фотаздымак, як высветлілася, шампіньёнаў, нібыта, прывезеных з Польшчы пад выглядам беларускіх.

“У нас нават у межах Мытнага саюза ідзе забаронены да ўвозу ў Расію тавар з краін ЕС. На жаль, з Беларусі. Напісана, што краіна-паходжання “Беларусь”. Зрываеш налепку — Польшча”, — казаў падчас сустрэчы прэзідэнт Расіі. Вытворцы патлумачылі intex-press, што скрыня магла быць польская, з яе не знялі налепку, а шампіньёны — беларускія.

Але на сайце Россельгаснагляду Расіі заўважаем спіс забароненых прадуктаў, па якім грыбы завозіць можна!

“Уведзеныя абмежаванні па кодзе ТН ЗЭД МС 0709 не распаўсюджваюцца на грыбы свежыя”, — паведамляюць на сайце ўстановы.

Тое ж пацвярджаюць ва Упраўленні Россялгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях.

“Што тычыцца гэтага указа, там ёсць спіс прадукцыі, гародніна па кодах, але грыбы туды не ўваходзяць. Нават зноска ёсць”, — расказваюць ва упраўленні. Выходзіць, завозіць грыбы можна.

“Можна вазіць і з Германні, і з ЗША і з Польшчы. Яны даслалі самі пацвярджэнне”, — тлумачаць у інспекцыі па насенневодстве, каранціне і абароне раслін Беларусі, якую Расія перыядычна вінаваціць у няздольнасці кантраляваць увоз прадуктаў.

Але польскія грыбы ў Расію ўсё ж не едуць, расказваюць на польскім прадпрыемстве „Grzybek Łosicki”:

“Нас закранула ўведзенае эмбарга. Мы пастаўляем прадукцыю на Усход, у Арменію, Казахстан, а куды яна далей ідзе — нам не вядома”.

Да беларускіх грыбоў у Расіі недаверлівае стаўленне, “не вераць, што яны тут растуць”, кажа намеснік кіраўніка гаспадаркі “Грыбная краіна” Ігар Комар. І запрашае прадстаўнікоў Россельгаснагляду ў Беларусь.

“Ёсць недавер, бо Расія не мае пацверджанняў, што ў нас ёсць фермы, якія вырошчваюць грыбы. Таму вінавацяць у рээкспарце. З аднаго боку, мы маем ад Расіі узнагароды, з іншага боку, нас не ведаюць. Калі б мы цалкам пераключыліся на Маскву, мы б закрылі палову іх запатрабаванняў”.

Але пакуль пастаўкі “Грыбной краіны” у Расію не павялічыліся.

“Мы працуем і з Мінскам, і з Расіяй па тых дамовах, якія маем. Бо нельга на яблыні, дзе расце 100 кілаграмаў, вырасціць адразу 300 кілаграмаў. На невялікую колькасць можна павялічыць, але не ў разы”, — кажа Ігар Комар.

Дакументы, якія забараняюць увозіць у Расію прадукцыю з ЕС дапаўнялі і ўдакладнялі пасля прыняцця. Напрыклад, малька ласося і безлактознае малако ўвозіць усё ж дазволілі. І калі першапачаткова ў дакуменце быў прапісаны дазвол на пастаўку сырых грыбоў, то цяпер на сайце Ураду Расіі гэтага удакладнення ўжо няма.

Фота: ya-gribnik.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі