Вы тут

Першы блок БелАЭС паставілі на рамонт

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Першы энергаблок Беларускай АЭС выведзены ў планава-папераджальны рамонт, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі ў сваім ТГ-канале.

Такія тэхналагічныя работы, адзначаюць у Мінэнерга, штогод праводзяцца на атамных станцыях, каб забяспечыць стабільны працоўны стан абсталявання.

Плануецца правесці рамонт абсталявання рэактарнай устаноўкі, у тым ліку парагенератараў, кампенсатара ціску, галоўных цыркуляцыйных помпаў і турбагенератара. Таксама запланаваны кантроль металу і дыягностыка зварных злучэнняў абсталявання рэактара і трубаправодаў сістэм, важных для бяспекі энергаблока.

Акрамя таго, у рэактар часткова перазагрузяць свежае ядзернае паліва.

Першы энергаблок БелАЭС уключыылі ў аб'яднаную энергасістэму 3 лістапада 2020-га, а ўвялі ў прамысловую эксплуатацыю 10 чэрвеня 2021 года. За гэты час энергаблок некалькі разоў адключалі. Найбольш працяглы тэрмін адключэння быў з 12 ліпеня па 4 кастрычніка 2021-га — амаль чатыры месяцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.