Перакрыты найбуйнейшы канал пастаўкі "шэрых" аўтазапчастак у Беларусь

Перакрыты найбуйнейшы канал пастаўкі "шэрых" аўтазапчастак у Беларусь

Праваахоўнікамі перакрыты найбуйнейшы канал пастаўкі "шэрых" аўтазапчастак у Беларусь. Як паведамляе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці, спачатку стала вядома, што каля сталіцы працуе склад па продажы запчастак для легкавікоў. Там рэалізоўваліся дэталі, увезеныя ў краіну па "шэрых" схемах, г. зн. без выплаты неабходных мытных плацяжоў.

Высветлілася, што каля года таму ў Мінску была зарэгістраваная фірма па продажы запчастак. У Мінскім раёне прадпрымальнікі арандавалі вялікае складское памяшканне, на вядомых беларускіх тэматычных сайтах размясцілі аб'яву аб продажы недарагіх дэталяў для хадавых іншамарак. Заяўкі яны прымалі па тэлефонах, аператыўна дастаўлялі тавары пакупнікам. Разлік вёўся наяўнымі грашыма.

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў былі ўстаноўленыя яшчэ два аналагічныя склады, размешчаныя у Пінску і Драгічыне. Яны належылі тым жа гаспадарам і працавалі па такой жа схеме. Праваахоўнікі зафіксавалі факт перасячэння мяжы фурай з чарговай партыяй аўтазапчастак, а пасля ў Мінскім раёне і Брэсцкай вобласці ажыццявілі кантрольныя закупкі. Як і меркавалася, прадпрымальнікі не змаглі падаць на прадукцыю дакументы, якія пацвярджаюць легальнасць паступлення тавараў у краіну, а таксама іх бяспеку і якасць.

Агулам арышт быў накладзены на тавар агульным коштам больш за 3 млрд рублёў. У дачыненні да бізнесменаў былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле "парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву".

Днямі рашэннем Эканамічнага суда Мінскай вобласці дзве з трох партый тавару былі накіраваныя ў прыбытак дзяржавы. Разгляд яшчэ адной справы чакаецца ў найбліжэйшы час.

Здымак з архіву.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі