Пасля візіту Лукашэнкі пляж на Мінскім моры адрамантавалі за 3 дні

За 1,5 кіламетры ад Мінскага мора на павароце машыны спыняюць ДАІшнікі: далей ехаць нельга, ідзе рамонт. Тры дні таму возера наведаў кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

“Там наогул катастрофа. Сёння трэба зрабіць усё, што можна. На перспектыву трэба абсталяваць стаянкі — простыя, зручныя, каб людзі маглі паставіць аўтамабілі і з дзецьмі падысці да вады, абсталяваць месцы для купання. Тысячу разоў пра гэта казалі, але нічога не зроблена”, — наракаў тады кіраўнік краіны.

Праз тры дні добраўпарадкаванне ўжо заканчваюць. На раўнаванні пляцовак пад стаянку машын працуе да 20 трактароў. Уздоўж узбярэжжа рабочыя ставяць альтанкі, а каля вады ляжыць нядаўна прывезены пясок.

“За тры дні адрэмантавалі стаянкі дзе магчыма, яны былі пашыраныя, нанеслі дарожную разметку, паставілі біятуалеты а таксама лавачкі і альтанкі. На ўсіх 8-мі пляжах мінскага мора вядуцца гэтыя працы”, — апісвае рамонт дырэктар “Мінскай лесапаркавай гаспадаркі” Павел Багданчык.

Рамонтныя работы заўважаем пакуль толькі на 80 метрах берагавой лініі. Няма ні модных на курортах шэзлонгаў, ні стацыянарных кавярняў. Чыноўнікі абяцаюць, што працы працягнуцца. Але чаму за пляжы ўзяліся пад канец сезона, калі ўжо заквітнела вада?

“Раней мы рабілі тое, што можна было па плане. Але хацелі зрабіць праект і зрабіць усё капітальна. Таму працы будзем працягваць”, — абяцае Павел Багданчык.

Каб зладзіць рамонт за 3 дні на добраўпарадкаванні працуе больш за сотню рабочых.

“Учора давялося да паловы на 11 вечара працаваць. Наконт прэміі? Паглядзім, хутчэй, наганяй могуць даць”, — жартуюць рабочыя, якія ўладкоўваюць альтанку. Самі не купаюцца, бо вада ўжо заквітнела.

Убаку ад месца, дзе кіпіць праца, на нудысцкім пляжы загараюць каля двух дзясяткаў чалавек. Іх таксама здзіўляе, што рамонт робяць пад канец сезону.

“Будзе лепш, канечне, але там далей працы ўжо не вядуцца. Па вечарах тут шмат людзей, усё занятае перад выходнымі. Цяпер больш месца будзе, малайцы, але пазнавата гэта робяць”, — дзеліцца з Еўрарадыё Вераніка, якая часта адпачывае на Мінскім моры.

Каля пляжа ўжо паставілі гандлёвыя шапікі. Сасіску ў цесце можна набыць за 5 тысяч, чабурэк за 6. Працуюць першы дзень.

Ад’язджаем ад пляжа нумар 5, дзе вядуцца працы і на іншым беразе ужо ні рабочых, ні тэхнікі. На пляжы загарае каля 30 чалавек, многія з дзецьмі. Ад добраўпарадкаванай тэрыторыі гэты пляж адрозніваецца хіба адсутнасцю альтанак і сметніц.

Па плане асноўныя працы на пляжы завершацца 8 жніўня ўвечары, каб на выходныя сюды маглі прыехаць адпачываць.

Пакуль заезд на Мінскае мора зачынены

Тэхніка расчышчае дарогу і будучыя парковачныя месцы

Па дарозе да возера рабочыя расчышчаюць даргу і парковачныя пляцоўкі

У аўтобусе рабочыя захоўваюць інвентар

Уздоўж берагавой лініі ўзводзяць альтанкі

Тут жа ўсталявалі новыя біятуалеты

І парыбралі сметніцы

На пляж прывезлі новы пясок

Недалёка ад месца, дзе вядуцца працы ўжо адпачываюць

Але купаюцца мала: квітнее вада

Далей працы ўжо не вядуцца, тут адпачываюць цэлым домам на колах

А гэты пляж пакуль не бачыў рамонту: пяску менш і няма альтанак

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі