Вы тут

Пасля праверак КДК зачыніліся 28 аптэк у Мінску, Гомелі, Бабруйску і Жодзіне

Аптэка / Еўрарадыё

Пасля праверак, праведзеных у сакавіку 2021 года Камітэтам дзяржкантролю, Мінздароўя прыпыніла дзейнасць 28 аптэк у Мінску, Гомелі, Бабруйску і Жодзіне. Прычынай называецца парушэнне патрабаванняў заканадаўства.

Як паведамляе прэс-служба КДК, маніторынгі ў лютым — пачатку сакавіка 2021-га паказалі, што практычна паўсюль выраслі рознічныя цэны на лекі.

"Пэўныя меры па абмежаванні рознічных цэн прынятыя, у тым ліку за кошт увядзення аптэчнымі сеткамі зніжак, змяншэння памеру гандлёвых надбавак, якія ўжываюцца. У той жа час некаторыя арганізацыі праігнаравалі рэкамендацыі аб абмежаванні рознічных цэн на лекавыя прэпараты", — канстатуюць у КДК.

У ведамстве папярэджваюць, што пры неабгрунтаваным павышэнні коштаў на лекі "будуць прымяняцца адпаведныя меры рэагавання аж да прыпынення дзейнасці аптэк".

Як распавядала Еўрарадыё, на пачатку года ПДВ на лекі вырас да 10%, пасля чаго падняліся і кошты на лекі. Па словах старшыні КДК Васіля Герасімава, на некаторыя лекі кошты выраслі ажно на 30%. На пачатку сакавіка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў жорстка кантраляваць гэтыя кошты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.