Вы тут

Пасля допыту ў СК затрыманы юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі / Беларускае Радыё Рацыя​​

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі затрыманы, дырэктар арганізацыі, інвалід-вазочнік Сяргей Драздоўскі — пад хатнім арыштам, паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook праваабаронца Алена Танкачова.

Іх затрымалі пасля допыту ў Следчым камітэце. Граблеўскага, паводле звестак праваабаронцы, на трое сутак адправілі на Акрэсціна. Абодва знаходзяцца ў статусе падазраваных па крымінальнай справе.

Сегодня во второй половине дня Алег Граблеўскі был задержан. После допроса в СК задержен на трое суток, отправлен на...

Опубликовано Lena Tonkacheva Среда, 3 февраля 2021 г.

21 студзеня прэс-служба Камітэта дзяржкантролю (КДК) паведаміла, што ў дачыненні да службовых асоб Офіса па правах людзей з інваліднасцю праводзіцца праверка. Падставай для праверкі стала "магчымае неправамернае завалоданне у перыяд з 2020 года па цяперашні час грашовымі сродкамі, атрыманымі установай ў выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэтаў аказання дапамогі грамадзянам Рэспублікі Беларусь з інваліднасцю".

21 студзеня ў Офісе прайшоў ператрус, канфіскавалі дакументы і тэхніку. Тады ж Драздоўскага і Граблеўскага павезлі на размову ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК, але затым адпусцілі. У аўторак 2 лютага іх зноў запрасілі ў ДФР. Граблеўскі падрабязна распавёў пра гэты візіт на сваёй старонцы ў Facebook: пра тое, як да яго так і не пусцілі адваката, пра тое, як мяняўся тон зносін — ад "мяккага" да пагроз.

"Мяне схапілі. Зафіксавалі. І сталі распранаць. Распранулі дагала. Прамацалі, абмацалі, празванілі усё, што можна. Адабралі гадзіннік, загадалі сесці голым на крэсла. І глядзець толькі на куток стала", — апісвае юрыст свой візіт у ДФР.

Замест гэтага Граблеўскі апрануўся.

"Яны разгубіліся, гадзіннік вярнулі. Сказалі, ну Борзы нам трапіўся. У далейшым, а гэта да 16.30 мы сядзелі моўчкі", — распавядаў Граблеўскі пра свой візіт у ДФР 2 лютага.

На наступны дзень яго зноў выклікалі на размову са следчым і затрымалі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.