Стала вядома, як ідэйнага лукашыста абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве

Вячаслаў Бянько

Вячаслаў Бянько / з яго старонкі Вконтакте

Сярод палітвязняў, арыштаваных па "справе радыёаматараў" ёсць ідэйны лукашыст, які некалькі месяцаў даваў паказанні на свайго калегу. Пра незвычайнага палітвязня Вячаслава Бянько расказаў яго сусед у СІЗА КДБ, піша "Наша Ніва".

Пра арышт "сеткі радыёаматараў" напрыканцы 2025 года заявіў старшыня КДБ Іван Тэртэль. Людзей абвінавацілі ў тым, што яны нібыта перахоплівалі сакрэтную інфармацыю, у прыватнасці, праслухоўвалі пілотаў. Спецслужбы заявілі, што ў групу ўваходзілі больш за 50 чалавек, але арыштавалі толькі семярых. Ім інкрымінавалі "здраду дзяржаве". Адным з іх быў Бянько, якога праваабаронцы ўключылі ў спіс палітвязняў.

Адзін з былых палітвязняў расказаў пра свае ўражанні ад гэтага чалавека: "Слава — ватнік і дзікі лукашыст. Казаў, што ён адзін з начальнікаў на "Хуавэі". Усё пра Кітай распавядаў, пра тое, які круты "Хуавэй".

З дапамогай BelPol журналісты высветлілі, што Бянько зрабіў больш за 240 паведамленняў па лініі 102: ён скардзіўся і на тое, што міма праехала машына з парушэннем правілаў, і на тое, што цыганка папрашайнічае каля рынку.

Паводле экс-палітвязня, Бянько расказаў яму сваю гісторыю: "Казаў, што месяцамі хадзіў у КДБ як сведка і даваў паказанні на свайго калегу, які доўга сядзеў у "амерыканцы". Слава ўсё-ўсё расказваў, а потым аднойчы прыехаў на допыт — а яго павязалі самога. Бо той калега нібыта захацеў яму зрабіць падлянку і нагаварыў на яго ў адказ".

Следчыя патрабавалі ад Бянько прызнаць віну — здраду дзяржаве. Ён прызнаваць не хацеў, бо за гэта пагражае ад 7 да 20 гадоў калоніі.

"Следчы прапанаваў яму: прызнавай віну і тое, што мы табе напісалі, а мы пасля зменім артыкул са здрады дзяржаве на нейкі лёгкі і дамо табе "хімію". Але спачатку Слава павінен быў агаварыць сябе — прычым для фільма прапагандыстаў — і сказаць, што ён здраднік", — кажа яго былы сусед.

Чым скончылася справа ён не ведае, бо Бянько перавялі ў прэс-камеру, каб матываваць хутчэй прыняць рашэнне.

У прапагандысцкім фільме пра "справу радыёаматараў", які выйшаў па Беларускім тэлебачанні ўзімку, прызнанняў Бянько так і не паказалі.

Дагэтуль невядома, ці адбыўся ўжо суд па гэтай справе і якое пакаранне атрымалі радыёаматары. Большасць палітычных спраў цяпер разглядаюцца ў закрытым рэжыме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.