Мы шылі ў калоніі чаравікі "Марка", не купляйце іх — экс-палітвязень

Аляксей Санчук

Аляксей Санчук / асабісты архіў

Фірма "Марка" для вырабу сваёй прадукцыі выкарыстоўвае працу палітзняволеных. Пра гэта экс-палітвязень Аляксей Санчук, які нядаўна выйшаў на волю, расказаў у інтэрв'ю выданню "Зеркало".

Санчук быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў. Яму прысудзілі шэсць гадоў калоніі. На волю 36-гадовы мужчына выйшаў, адседзеўшы поўны тэрмін. А праз тры дні пакінуў Беларусь.

Экс-палітвязень мяркуе, што яго адвакатка Вольга Бацюк супрацоўнічала са следствам замест яго абароны: "Яна мяне не рыхтавала, ніякіх ліній абароны мы не прапрацоўвалі, дадатковых доказаў у маю абарону не збірала. Проста як паштальён наведвала мяне, прыносіла нейкія вестачкі — не больш за тое. А жонка думала, што ўсё ў нас там нармальна, што мы працуем, рыхтуемся, плаціла".

Тэрмін мужчына адбываў у шклоўскай калоніі №17. Працаваў на дрэваапрацоўчай прамысловасці, потым ачышчаў драты, а пазней яго перавялі на швейную вытворчасць, дзе шылі пераважна вайсковую форму. Прыкладна праз год Санчука адправілі на абутковую вытворчасць. Абутак, паводле Санчука, быў пераважна вайсковы. Але частка абутку рабілася для вядомай кампаніі "Марка". Гэты абутак нават укладалі ў каробкі "Марка".

"Мужчынскія туфлі. Ведаеце, такія з двума гумкамі па баках, і ў іх выцягнуты такі мысок, падзакруглены, вастраваты. А яшчэ апошнім часам там красоўкі шылі, такія зялёныя. Не ведаю, куды яны ішлі. Можа, на "Марка" таксама. Так што майце на ўвазе — не купляйце, калі ласка, прадукцыю "Марка", — падкрэсліў былы палітвязень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.