Вы тут

Пасля адмены ваеннага становішча Украіна “завярнула” болей за 800 расіянаў

Фота: vk.com

Пасля адмены дзеяння ваеннага становішча ва Украіне “завярнулі” на мяжы каля 800 расіянаў. Рэжым ваеннага становішча быў уведзены на частцы тэрыторыяў пасля канфлікту ў Азоўскім моры і скончыўся 26 снежня. Было забаронена прапускаць ва Украіну расіянаў мужчынскага полу.

Тым не менш грамадзяне Расіі працягваюць атрымліваць адмовы ва ўездзе. Як паведамляе Радыё Свабода, гэта адбываецца ў сярэднім па 50 разоў у суткі.

“Са спыненнем ва Украіне дзеяння рэжыму ваеннага становішча памежнікі працягваюць ажыццяўляць узмоцненыя меры бяспекі на дзяржаўнай мяжы, лініі судакранання і адмінмежах з часова акупаванай тэрыторыяй АР Крым. — гаворыцца ў паведамленні на сайце Памежнай службы Украіны. — Пры гэтым пры перасячэнні мяжы замежнікамі і асобамі без грамадзянства, у тым ліку грамадзянамі Расійскай Фэдэрацыі, памежнікі пастаянна аддзяляюць групы рызыкі і праводзяць дадатковыя меры з мэтай недапушчэння ва Украіну асобаў, якія могуць быць датычныя да правакацыйных або неправамерных дзеянняў на тэрыторыі нашай дзяржавы”.

Абмежаванні на ўезд ва Украіну грамадзян Расіі мужчынскага полу ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў увялі разам з ваенным становішчам на частцы тэрыторыі Украіны з 26 лістапада 2018 тэрмінам на адзін месяц. Пасля завяршэння дзеяння ваеннага становішча Савет нацыянальнай абароны і бяспекі Украіны вырашыў захаваць гэтае абмежаванне. Як паведамлялі тады ўкраінскія сілавікі, за час дзеяння ваеннага становішча ва Украіне не прапусцілі 1616 грамадзянаў Расіі.