"Панікі не было": беларус расказаў, як перахварэў на COVID-19

Андрэй Антонаў
Андрэй Антонаў

16 сакавіка аналіз на каранавірус 24-гадовага мінчука Андрэя Антонава паказаў станоўчы вынік. 4 красавіка, праз 19 дзён, хлопца выпісалі з інфекцыйнай бальніцы. На стацыянарным лячэнні ўсё яшчэ знаходзяцца яго маці і сябар.

Андрэй расказаў Еўрарадыё, дзе заразіўся, як у яго і яго блізкіх праяўлялася захворванне і чым мінскія дактары лечаць COVID-19.

Два дні пасля аналізу правёў дома

Андрэй заразіўся кітайскім каранавірусам у Берліне ў пачатку сакавіка. У нямецкую сталіцу ён з сябрамі прыехаў на канцэрт гурта Diiv.

— Тады яшчэ ў Германіі было не вельмі шмат выпадкаў захворвання. Паездку мы планавалі за год, таму вырашылі ад яе не адмаўляцца. 6 сакавіка мы туды прыехалі, канцэрт — 8 сакавіка. На наступны дзень я адчуў недамаганне і галаўны боль. 13 сакавіка, калі я ўжо быў у Мінску, у мяне паднялася тэмпература да 37,5, пачала гудзець галава, балець вочы. Я вырашыў схадзіць да ўчастковага доктара, таму што рэдка хварэю, высокай тэмпературы звычайна не бывае, — расказвае Андрэй.

Атрымліваецца, у выпадку Андрэя інкубацыйны перыяд COVID-19 склаў 5 дзён. Доктар распытаў яго пра нядаўнюю паездку ў Германію і даў накіраванне на тэст на каранавірус. Па хлопца прыехала машына хуткай дапамогі і адвезла яго ў 6-ю бальніцу. У той дзень у медустанове, успамінае Андрэй, было шмат студэнтаў БДУ ФМА, якіх прывезлі здаваць тэст на каранавірус.

— Акрамя мазка, я прайшоў стандартныя абследаванні — агульны аналіз крыві, ЭКГ, рэнтген лёгкіх. Усё было ў норме, мяне адпусцілі дадому. Вынікі аналізу на каранавірус рыхтуюцца два дні. Мне абяцалі патэлефанаваць, калі ён акажацца станоўчым. Так і здарылася: 16 сакавіка ў 2 гадзіны ночы мне перазванілі і далі дзве гадзіны на зборы ў інфекцыйную бальніцу. У мамы, вядома, быў шок!

“Паники не было”: белорус рассказал, как переболел COVID-19
Так беларускія дактары дастаўляюць хворых на каранавірус у інфекцыйную бальніцу / Reuters

Паводле афіцыйнай статыстыкі, Антонаў стаў адным з 36 грамадзян Беларусі, якім на той момант пацвердзілі COVID-19.

— Да таго моманту я, дарэчы, адчуваў сябе абсалютна здаровым. Не было ні тэмпературы, ні галаўнога болю, — працягвае Андрэй. — Вывучыўшы мае кантакты, медыкі таксама ізалявалі бацькоў, прадэзынфікавалі нашу кватэру. Таксама звязаліся з сябрамі, з якімі я ездзіў у Германію. Каранавірус пацвердзіўся ў мамы і аднаго сябра. Я здзівіўся, што не ва ўсёй кампаніі, таму што ў Германіі мы жылі ў хостэле, пастаянна знаходзіліся побач, маглі выпіць з адной бутэлькі.

Антыбіётыкі і прэпарат супраць малярыі

Андрэй Антонаў перанёс COVID-19 у практычна бессімптомнай форме. У бальніцы хлопец скардзіўся, што нос быў злёгку закладзены, і ўсё. За 19 дзён у закрытым боксе інфекцыйнай бальніцы мінчук паспеў прачытаць амаль дзве кнігі і паглядзець новы фільм Гая Рычы "Джэнтльмены”:

— У прынцыпе, было спакойна, таму што дактары нас падтрымлівалі, мы не заўважалі іх трывожнасці. Складалася адчуванне, што яны ўпэўненыя ў тым, што робяць. Медперсанал тлумачыў усе прызначэнні доктара, расказваў пра прэпараты, якія нам давалі.

Плюс усе сябры і родныя тэлефанавалі, пісалі кожны дзень, пыталіся пра стан здароўя, падтрымлівалі маральна. Амаль усе былі шакаваныя. Хоць былі і тыя, хто не здзівіўся, таму што нас папярэджвалі яшчэ перад паездкай.

“Паники не было”: белорус рассказал, как переболел COVID-19
Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца / blizko.by

Першыя два дні, да атрымання адмоўнага аналізу на грып, медыкі давалі Андрэю супрацьвірусны прэпарат, а пасля — толькі раствор фурацыліну для паласкання горла. У яго суседзяў — мужчын 40 і 50 гадоў — хвароба развівалася інакш.

— Я быў у трохмеснай палаце. У дваіх суседзяў па палаце з пацверджаным каранавірусам былі сімптомы: кашаль, ламата ў целе, тэмпература. Рэнтген лёгкіх паказаў аднабаковую і двухбаковую пнеўманіі. Але ніякай панікі ні ў кога не было. Толькі адзін раз занепакоіліся, калі 50-гадоваму суседу стала цяжкавата дыхаць.

Дактары лячылі пнеўманіі супрацьмалярыйным прэпаратам гідроксіхларахінам і антыбіётыкамі. У выніку 50-гадовы мужчына выпісаўся са мной у адзін дзень. Другі таксама хутка папраўляўся, але тэсты яшчэ паказвалі прысутнасць віруса ў арганізме, — кажа Андрэй.

— А як захворванне праходзіць у вашай мамы і сябра?

— Мама, як і я, хварэе практычна без сімптомаў. Толькі адзін раз падымалася тэмпература. Яна ўсё яшчэ ў інфекцыйнай бальніцы, таму што для выпіскі трэба атрымаць два адмоўныя тэсты запар.

Мой сябар таксама яшчэ лечыцца. У яго не было сімптомаў амаль два тыдні, а ў адзін дзень паднялася тэмпература да 38 і трохі ўпаў узровень кіслароду ў крыві. Дактары западозрылі пнеўманію, калолі два разы цэфтрыяксон [антыбіётык. — Еўрарадыё], далі кіслародную трубку. Але яму хутка стала лепш, цяпер ён чакае адмоўных мазкоў.

Бальнічны Андрэю закрылі 4 красавіка — тым жа днём, як выпісалі з бальніцы. Хлопец выйшаў на работу і адчувае сябе здаровым.

Дактары інфекцыйнай бальніцы лічаць паўторнае заражэнне COVID-19 малаімаверным, бо ў таго, хто перахварэў, выпрацоўваюцца антыцелы да віруса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі