Памёр графік Барыс Цітовіч

Барыс Цітовіч з жонкай Валянцінай / peramoga.by​
Барыс Цітовіч з жонкай Валянцінай / peramoga.by​

Не стала мастака-графіка Барыса Цітовіча, паведамляе "Рэгіянальная газета".

Ён вядомы перш за ўсё як паспяховы графік, ілюстратар кніг многіх беларускіх класікаў. Але яшчэ адной справай Цітовіча быў музей памяці ахвяр Першай сусветнай вайны.

Цітовіч — лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне", кавалер Ордэна Францыска Скарыны. У ранейшыя часы беларускае тэлебачанне нават зняло пра яго фільм.

Цітовіч родам з Чалябінскай вобласці. Яго бацька быў кадравым ваенным. Вайскоўцам хацеў быць і будучы мастак. Але бацька рана памёр, а маці стамілася ад пастаяннага "жыцця на валізках". Сям'я да таго часу пераехала ў Беларусь. У выніку Цітовіч скончыў мастацкую школу ў Маладзечне і паступіў у цяперашнюю Акадэмію мастацтваў на факультэт кніжнай графікі.

"У той час паступіла нас 9 чалавек, а скончыла — 4. Такі сур'ёзны быў адсеў. Вельмі моцныя былі выкладчыкі, практычна кожны — франтавік, былы партызан, адзін Кашкурэвіч чаго толькі каштаваў", расказваў ён у інтэрв'ю выданню peramoga.by.

Цітовіч ілюстраваў кнігі Купалы, Цёткі, Шамякіна і многіх іншых беларускіх класікаў. За ілюстрацыі да рамана Івана Мележа "Людзі на балоце" быў адзначаны дыпломам Усесаюзнага конкурсу "Мастацтва кнігі" ў Маскве. Гэта было ў 1975 годзе.

Цітовіч быў адным з аўтараў, галоўным мастаком музея старадаўніх рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі". А пазней стварыў яшчэ адзін музей — памяці ахвяр Першай сусветнай вайны ў Заброддзі.

Барысу Цітовічу было 73 гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі