Вы тут

Памёр актор Кірк Дуглас, які нарадзіўся ў сям'і эмігрантаў з Беларусі

Кірк Дуглас / Reuters

На 104-м годзе жыцця памёр амерыканскі актор Кірк Дуглас — прадстаўнік "залатой эры" галівудскага кіно. 

"Для ўсяго свету мой бацька быў легендай, акцёрам з залатога веку кінематографа, гуманістам, чыя прыхільнасць ідэям справядлівасці павінна быць прыкладам для ўсіх нас", — цытуе РБК словы яго сына Майкла Дугласа, таксама вядомага кінаактора.

Кірк Дуглас нарадзіўся ў 1916 годзе ў Нью-Ёрку. Яго бацькі эмігравалі ў Амерыку з беларускіх Чавусаў, дзе яны насілі прозвішча Даніеловічы-Дэмскія. Акторскую кар'еру Дуглас пачаў пасля Другой Сусветнай вайны. А ўжо праз некалькі гадоў быў двойчы намінаваны на "Оскар" — спярша за ролю ў фільме "Чэмпіён", потым за ролю ў стужцы "Злыя і прыгожыя". Аднак самую прэстыжную акторскую ўзнагароду Кірк Дуглас атрымаў толькі адзін раз — у 1996 годзе, за 50-гадовы ўнёсак у развіццё кінематографу.

Сярод яго самых вядомых фільмаў — "Спартак" (ён сыграў загалоўную ролю), "Сем дзён у траўні", "Прага жыцця".

Зорка ў гонар Кірка Дугласа / Reuters

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.