Вы тут

Палітзняволеная Наталля Хершэ трапіла ў карцар

Наталля Хершэ / svaboda.org

Палітзняволеную мастачку Наталлю Хершэ трымаюць у карцары. Пра гэта ўпраўленьне Дэпартамента выканання пакаранняў Гомельскай вобласці паведаміла ў лісце на імя Генадзя Касьяна — брата Наталлі.

У лісце, які падпісаў начальнік упраўлення Палякоў, сцвярджаецца, што Наталля Хершэ "дапускае парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання", перадае Радыё "Свабода". За гэта яе садзілі ў штрафны ізалятар з 6 па 23 траўня.

"Апроч таго, з 24 траўня яна зноў змешчаная ў штрафны ізалятар, у сувязі з чым не мае магчымасьці накіроўваць лісты і ажыццяўляць тэлефонныя размовы", — піша Палякоў.

У лісце паведамляецца, што 13 і 28 красавіка ў палітзняволенай забралі тры нумары газеты "Новы час" (№№ 13, 14 і 16). Па словах начальніка ўпраўлення, гэта адбылося "ў сувязі з наяўнасцю ў апошніх інфармацыі па тэксце, якая прапагандуе распальванне нацыянальнай варожасці, гвалту і жорсткасці". Забраныя нумары газеты перадалі на склад захоўвання асабістых рэчаў, іх выдадуць Наталлі пры вызваленні.

Таксама начальнік упраўлення паведамляе, што Наталлі Хершэ перадалі не ўсю карэспандэнцыю — "малая частка знішчаная". Па яго словах, вязням не перадаюць лісты, якія "маюць цынічны характар".

Генадзь Касьян лічыць, што правы сястры ў няволі парушаюцца, таму хоча звярнуцца ў Дэпартамент выканання пакаранняў і пракуратуру.

"Відавочна, што на Наталлю чыніцца псіхалагічны і фізічны ціск, каб зламаць яе волю і дамагчыся поўнага падпарадкавання. Максімальна ў карцары вязень можа знаходзіцца толькі 10 дзён. Чаму яна спачатку адседзела там 17 сутак, а потым зноў атрымала новыя і знаходзіцца там да гэтага часу? Гэта парушэнне", — заяўляе брат палітзняволенай.

Наталля Хершэ асуджаная на два гады калоніі за тое, што сарвала балаклаву з сілавіка падчас  жаночага маршу. У калоніі яна адмовілася шыць форму для сілавікоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.