Вы тут

Іофе: Бабарыку і Калеснікаву адпусцяць, калі ўлада перастане баяцца

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Палітвязняў, асуджаных на вялікія тэрміны, адпусцяць, калі беларуская ўлада перастане баяцца за сваё становішча. Такое меркаванне амерыканскі палітолаг, прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта Рыгор Іофе выказаў у інтэрв'ю ukraina.ru.

На яго думку, цяперашні ўзровень палітычнага напружання не можа працягвацца доўга. 

"На нейкім этапе адбудзецца ўзаемнае заспакаенне. Заспакаенне будзе ў інтарэсах абодвух бакоў — як улады, так і апазіцыі. Але гэта пакуль не ўсе разумеюць", — лічыць палітолаг.

Гэтае заспакаенне і стабілізацыя, кажа Іофе, адбудзецца тады, калі ўлада перастане баяцца за сваё становішча: "Бо тое, з якой жорсткасцю там душыўся пратэст, сведчыць пра вялікі спалох улады. Бо калі б яна была больш упэўненая ў захаванні кантролю над сітуацыяй, яна б не дзейнічала так жорстка са сваімі апанентамі. Вось калі гэты спалох пройдзе, і ўлада зразумее, што ёй ніхто не пагражае, тады можна чакаць нейкай адлігі і заканчэння палітычнага крызісу".

Менавіта пасля такога заспакаення, на яго думку, на волю могуць выйсці палітвязні, якія атрымалі вялізныя тэрміны — кшталту Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай ды іншых.

Пры гэтым палітолаг звяртае ўвагу на тое, што ўсялякі транзіт улады ў Беларусі пагражае праблемамі для ўсёй сістэмы.

"Усялякі персаналісцкі палітычны рэжым багаты надзвычайнымі складанасцямі. Там усё заточана на аднаго лідара, які не можа заўчасна аб'явіць пра свой сыход. Таму што як толькі ён стане "кульгавай качкай", ператворыцца ў мішэнь для многіх, і адбудзецца дэзарганізацыі ўсёй сістэмы", — тлумачыць Іофе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.