Палітолагі і палітыкі пра заклік Пуціна да дыялогу ўлады Беларусі з апазіцыяй

Уладзімір Пуцін / kremlin.ru​
Уладзімір Пуцін / kremlin.ru​

18 лістапада прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на пашыраным пасяджэнні калегіі МЗС заклікаў да дыялогу ўладаў Беларусі з апазіцыяй.

— Так, мы ведаем, што сітуацыя ў Беларусі хоць і супакоілася ўнутры краіны, але тым не менш праблемы ёсць, і мы выдатна гэта ўсведамляем і, вядома, заклікаем да дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй, — сказаў ён у часе выступу.

Палітычныя аглядальнікі і палітыкі выказалі сваё меркаванне наконт заявы Крамля ў сябе на старонках у сацсетках і ў тэлеграм-каналах. Еўрарадыё сабрала самыя цікавыя выказванні.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

— Заклік Пуціна да дыялогу паміж уладамі і апазіцыяй у Беларусі, натуральна, не азначае, што крамлёўскі правадыр пачаў клапаціцца пра дэмакратызацыю суседняй краіны. Два аўтарытарныя рэжымы роднасныя, абодва баяцца палітычнай актыўнасці грамадзян, ненавідзяць "каляровыя рэвалюцыі". І праціўнікі Лукашэнкі ў вачах Крамля — гэта празаходняя сіла, ад якой дабра не чакай.

Разам з тым у Пуціна, у адрозненне ад Лукашэнкі, выпадковых рэплік не бывае. Што можа стаяць за свежай рэмаркай? Вельмі магчыма, што гаспадар Крамля паабяцаў Макрону і Меркель, з якімі нядаўна размаўляў, правесці з мінскім хаўруснікам выхаваўчую работу не толькі па пытанні міграцыйнага крызісу, але і ў больш шырокім сэнсе — каб той неяк суняў рэпрэсіўную безмеж.

Гэта не азначае, што сам Пуцін абураны гэтай безмежжу — проста ён вядзе з Еўропай сваю гульню, у тым ліку спрабуе атрымаць дывідэнды і на канфрантацыі Лукашэнкі з Захадам. Так што гэтая рэпліка прэзідэнта РФ можа быць і сігналам Захаду.

Але перш за ўсё, вядома, гэта пасланне беларускаму правадыру. Той у жніўні — верасні мінулага года, відаць, і сапраўды паабяцаў "старэйшаму брату" пакінуць прэзідэнцкае крэсла на працягу года-двух. Аднак потым удалося задушыць пратэсты, скаваць краіну страхам — і Лукашэнка, трэба думаць, стаў у гутарках тэт-а-тэт (успомнім, як шмат іх было) пераконваць гаспадара Крамля, што ўсё ўжо тып-топ: мяцеж задушаны, сітуацыя пад поўным кантролем — а таму і спяшацца з транзітам улады рацыі няма.

Гэтая дыскусія, трэба меркаваць, не скончана. Больш за тое, у папярэднія тыдні расійскі прэзідэнт паказваў прыкметы незадаволенасці, унікаў жывых кантактаў з хаўруснікам (нават 28 праграм падпісалі ў відэафармаце). Дый наогул толькі лянівы аглядальнік не напісаў, што паміж Масквой і Мінскам заіскрыла. І вось цяпер Пуцін, мяркуючы па ўсім, падаў сігнал: не, братка, не згодны я з тваімі заспакойваннямі, далёка не ўсё ў цябе ў парадку, так што думай над нашымі дамоўленасцямі!

Зразумелая рэч, што дамагаецца Крэмль зусім не ўсаджвання за адзін стол Лукашэнкі і Ціханоўскай (да якой сам ставіцца з недаверам), не сапраўднай адлігі (якая і сапраўды лёгка можа перарасці ў новую, ужо пераможную рэвалюцыю), а прасоўвання сваіх інтарэсаў на беларускім кірунку.

У прыватнасці, маскоўскія дзеячы хочуць бачыць тут больш гнуткую, разнапланавую палітычную сістэму, каб можна было замуціць сваю гульню на гэтым полі. У гэтым сэнсе праект беларускай Канстытуцыі, вакол якога працягваюцца тубыльныя танцы з бубнам, Маскву, трэба меркаваць, не вельмі задавальняе.

Аднак перш за ўсё, мабыць, Крамлю хацелася б бачыць тут не такога таксічнага і больш згаворлівага персанажа ў галоўнай ролі. Зручнага васала (ужо з гэтай прычыны ніхто з апазіцыі на такую ролю не падыходзіць).

Лукашэнка ж відавочна не спяшаецца сыходзіць. Вось і вырашыў "старэйшы брат" ткнуць яму ў балючае месца. Загадзя ведаючы, што таго толькі перасмыкне чарговы раз ад думкі пра ворагаў. І што ніякага дыялогу не будзе. Ну максімум арганізуюць бутафорскі круглы стол з кардоннымі персанажамі з "канструктыўнай апазіцыі".

На самай справе мэта Крамля — падварушыць беларускага правадыра, стварыць яму дыскамфорт, нагадаць, што ранейшыя дамоўленасці застаюцца на кантролі. Іншая рэч, што і ламаць Лукашэнку праз калена Пуціну не з рукі. Так што наступныя серыі абяцаюць быць цікавымі.

Политологи и политики о призыве Путина к диалогу власти Беларуси с оппозицией
Пётр Кузняцоў

Заснавальнік выдання "Сильные новости" Пётр Кузняцоў:

— Самае важнае і цікавае за ўчора — словы Пуціна пра тое, што Масква заклікае беларускія ўлады да дыялогу з апазіцыяй. Тут ёсць адразу некалькі момантаў, на якія варта звярнуць увагу.

Першае. Не трэба думаць, што гэтая фраза мае нейкае лёсавызначальнае палітычнае значэнне ў сённяшніх умовах, аднак і лічыць яе пустой таксама наўрад ці варта. Калі б такое было сказана чысла гэтак 14 жніўня 2020 года, улада ў Беларусі стала б іншай на працягу некалькіх дзён ці тыдняў. Сёння становішча ў рэжыму больш устойлівае, аднак і ў цяперашніх умовах такія намёкі з Крамля здольныя спарадзіць сумневы ў многіх галовах чыноўнікаў і сілавікоў.

Тое, што Пуцін сказаў тое, што сказаў, роўна ў той жа дзень, калі Еўропа абазначыла поўную кансалідацыю, зусім не выглядае выпадковым. Тут трэба задумацца пра тое, што фрау Меркель, перад тым як тэлефанаваць у Мінск, гаварыла з гаспадаром Крамля. Паміж двума палітыкамі існуюць вельмі даўнія, не сказаць каб менавіта сяброўскія, але досыць глыбокія і спецыфічныя адносіны. Прынамсі, нямецкая канцлерын умее размаўляць з ім лепш, чым хто б там ні было іншы ў заходнім палітычным свеце. Яшчэ калі яна пасля патэлефанавала Лукашэнку, першай думкай было, што не стала б яна гэтага рабіць, калі б не знайшла нейкага разумення па нейкім пытанні з Пуціным, гэта відавочна. Пра што менавіта яны гаварылі, мы не ведаем і наўрад ці даведаемся. Вось жа факт у тым, што на працягу некалькіх наступных — пасля гэтай размовы двух старых партнёраў — дзён Меркель патэлефанавала ў Мінск, мяркуючы па штурме мяжы, які адбыўся пасля, пачутая не была, Еўропа сінхранізавала пазіцыі, а ў той жа дзень, калі гэта стала зразумела, вельмі адчувальны сігнал у бок беларускага рэжыму прагучаў з боку Масквы — такі вось расклад.

Тое, што такім чынам ціснуць напярэдадні рэферэндуму, даючы зразумець, што дзявацца няма куды і трэба выконваць абяцанае, — напэўна. Помсцяць за "ботакс" у апісанай мною раней манеры (з адцягваннем, каб не была прыкметная простая сувязь) — таксама напэўна. Ёсць, хутчэй за ўсё, яшчэ мноства момантаў.

Але галоўнае тут, пэўна, іншае. У востры для рэжыму момант, калі "гульня па-банку" набліжаецца да завяршэння з прадказальнай паразай, Еўропа і Масква выступілі сінхронна, і абодва гэтыя выступы зусім не на карысць Мінска.

Гэта можа быць сітуацыйна, так. Але практыка апошніх двух гадоў паказвае, што нават добрыя для сябе сітуацыі беларуская ўлада прымудраецца псаваць. Што ўжо гаварыць пра нядобрыя…

Политологи и политики о призыве Путина к диалогу власти Беларуси с оппозицией
Алег Гайдукевіч

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч:

— Радыкальная апазіцыя ўзбудзілася ад слоў прэзідэнта Расіі пра тое, што паміж апазіцыяй і ўладай Беларусі павінен быць дыялог. Вядома, павінен быць і будзе. Але не блытайце апазіцыю з пятай калонай і здраднікамі. Ніколі ніякага дыялогу, размоў з Ціханоўскай, Латушкам, Цапкалам і іншымі здраднікамі, людзьмі, якія прадалі сваю Радзіму за тры цэнты, не было і не будзе. Як і не было і не будзе ніякіх перамоваў з Навальным. Перамовы з ім вядуць з калоніі, у якой ён адбывае пакаранне.

Гаворка ідзе пра тое, што мы павінны развіваць сваю палітычную сістэму, што не бывае краіны з адным пунктам гледжання. Паглядзіце на Дзяржаўную Думу ў Расіі — 5 партый, 5 фракцый, яны могуць спрачацца паміж сабой колькі хочаце, але разам, плячо ў плячо адстойваюць нацыянальныя інтарэсы Расіі. Разам змагаюцца супраць тых, хто ўводзіць санкцыі, супраць тых, хто спрабуе паставіць Расію на калені. Вось што такое апазіцыя. А тыя, хто гадамі фінансаваўся з-за мяжы, тыя, хто гадамі сядзеў і слухаў указанні польскага або літоўскага амбасадара, амбасадара ЗША і зыходзячы з гэтага выбудоўваў палітыку сваіх палітычных партый, гэта не апазіцыя. З гэтай апазіцыяй трэба скончыць раз і назаўжды. Усе гэтыя палітычныя партыі павінны быць ліквідаваныя. Але пустым палітычнае поле не павінна быць. Мы павінны яго развіваць і будзем гэта рабіць, іншага шляху няма.

Политологи и политики о призыве Путина к диалогу власти Беларуси с оппозицией
Павел Латушка

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка:

— Са слоў Пуціна, у Беларусі краіна супакоілася. Сітуацыя супакоілася. Калі столькі людзей адправіць у турмы, пераследаваць іх толькі за іх палітычныя погляды і пратэст супраць гвалту, то, вядома, напэўна, краіна супакоілася. Але, як сказаў адзін вядомы беларускі сацыёлаг, гэта краіна заасфальтаванага гневу. Гневу ў беларусаў, 80% якіх па ўсіх сацыялагічных апытаннях, дарэчы, вядомых у Крамлі, не хоча больш бачыць Лукашэнку на чале Беларусі і не прызнае яго як легітымнага кіраўніка ў Беларусі, які фактычна ўзурпаваў уладу.

Калі мы гаворым пра заклік да перамоваў, важна, што першы адрасат — гэта ўлады. І якраз улады блакавалі якія б там ні было спробы яшчэ летась да такіх перамоваў. Калі прэзідэнт Расіі (я тут, хутчэй, буду прадстаўляць сябе дыпламатам) гатовы выступіць гарантам выканання патрабаванняў беларускага грамадства: першае — вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, другое — спыненне масавых рэпрэсій і прыцягненне да крымінальнай адказнасці ўсіх вінаватых у злачынствах у дачыненні да беларусаў, пачатку прынамсі гэтых крымінальных працэсаў, то трэцяе — мы сапраўды гатовыя абмяркоўваць транзіт улады.

Гатовыя абмяркоўваць у тым ліку пры гарантыях аднаго з партнёраў — Расійскай Федэрацыі. Якраз мы тады прапануем Расійскай Федэрацыі накіраваць свайго прадстаўніка ў Вену, дзе збяруцца прадстаўнікі практычна ўсіх дэмакратычных сіл і актыўных сёння на палітычнай сцэне Беларусі на канферэнцыю, прысвечаную Беларусі. Яна адбудзецца ў панядзелак [у анлайн-рэжыме праз сітуацыю з COVID-19 у Аўстрыі. — Еўрарадыё]. Там таксама будуць прысутнічаць міністры замежных спраў большасці краін Еўрапейскага саюза.

Калі ласка, мы гатовыя абмеркаваць пад гарантыяй замежных, заходніх партнёраў Расійскай Федэрацыі транзіт улады і прызначэнне ў самы бліжэйшы час новых выбараў. Але ўмова — гэта вызваленне палітычных зняволеных. З якой апазіцыяй гаварыць? Той, якая сядзіць у турме? Можна гаварыць з апазіцыяй, якая сядзіць у турме. Можна гаварыць са Святланай Ціханоўскай, можна гаварыць з Паўлам Латушкам. Але нашы ўмовы — вызваліць усіх. І тады мы ўсе разам будзем гатовыя гаварыць пра адно — пра прызначэнне даты новых выбараў.

Политологи и политики о призыве Путина к диалогу власти Беларуси с оппозицией
Валер Карбалевіч

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч

— Заява Уладзіміра Пуціна на пашыраным пасяджэнні калегіі МЗС 18 лістапада прагучала нечакана. Нечакана, таму што яна супярэчыць усёй папярэдняй рыторыцы расійскіх афіцыйных асобаў. Нагадаю, што міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў ужо цэлы год кажа, што ў Беларусі адбываецца дыялог паміж уладай і грамадствам наконт канстытуцыйнай рэформы. То-бок з дыялогам тут нібыта ўсё ў парадку. Таксама расійскія палітыкі адназначна абвяшчалі ўсю беларускую апазіцыю агентамі Захаду і, значыць, ворагамі РФ.

І вось на гэтым тле такое ўскоснае прызнанне, што палітычны крызіс у Беларусі не вырашаны, і заклік да дыялогу. Хачу нагадаць, што менавіта такую пазіцыю адносна вырашэння беларускага пытання займаюць ЕС і ЗША. Што за гэтым стаіць?

Прапаную дзве версіі, якія не супярэчаць адна адной.

Гэта працяг таго крызісу ў адносінах паміж Мінскам і Масквой, які выйшаў на паверхню ў кастрычніку. Тады быў скандал з разгромам філіі расійскага выдання “Комсомольская правда в Беларуси”, абразы на адрас Пуціна наконт “бункера” і “ботаксу” на тэлеканале СТБ, інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай на радыёстанцыі “Эхо Москвы” і іншыя падзеі.

Мяркую, што прычыны гэтага напружання ў адносінах тлумачацца вось чым. Год таму Лукашэнка паабяцаў Пуціну правесці транзіт улады і сысці. А цяпер адмаўляецца выконваць сваё абяцанне, імкнецца неяк адкруціцца, прыдумаць сабе пасаду ў новай канструкцыі дзяржаўнага кіравання, каб застацца. Напрыклад, на пасадзе кіраўніка Усебеларускага народнага сходу. І гэта выклікае незадавальненне Пуціна.

Да гэтага дадаўся мігранцкі крызіс. Пуціну падабаецца, што да яго звяртаюцца кіраўнікі еўрапейскіх краін (Нямеччыны, Францыі і інш.) з просьбай вырашыць праблему на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой. Ён адчуў сябе гаспадаром, вяршыцелем лёсаў краін рэгіёна. Мусіць, ён нешта паабяцаў, маўляў, калі так моцна просіце, дык так і быць, вашу бяду рукамі развяду. А калі паспрабаваў умяшацца, то Лукашэнка ўпёрся, не захацеў слухаць настойлівыя парады кіраўніка РФ. У выніку Пуцін апынуўся ў дурным становішчы. Ён, які на роўных размаўляе з кіраўнікамі вялікіх дзяржаў, не ў стане нічога зрабіць з ва ўсім залежным ад яго Лукашэнкам. І што пра яго падумаюць лідары Нямеччыны, Францыі? Як можна мець справу з чалавекам, які нічога не можа вырашыць?

З гэтых прычын Пуцін вырашыў патроліць Лукашэнку. І націснуў на самы балючы пункт, які толькі можа быць у хаўрусніка. Бо Лукашэнка ж у прынцыпе не прызнае наяўнасці апазыцыі ў Беларусі, кажа, што супраць яго выступаюць “адмарозкі”, “экстрэмісты”, “тэрарысты”, купленыя Захадам.

Мяркую, што далей за тролінг справа не пойдзе, гэтым усё і абмяжуецца. Бо сапраўднае стаўленне Пуціна да апазіцыі мала адрозніваецца ад лукашэнкаўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі