Пакуль дазваляе здароўе: чаму шахцёры працуюць да апошняга?

Чацвёртае рудаўпраўленне "Беларуськалія" / kali.by
Чацвёртае рудаўпраўленне "Беларуськалія" / kali.by

Многія шахцёры працягваюць спускацца пад зямлю нават нягледзячы на тое, што даўно маюць права выйсці на пенсію. Адзін з іх — загінулы ў канцы траўня ў шахце "Беларуськалія" брыгадзір лавы Анатоль Эгіптэ. Ён нарадзіўся ў 1966 годзе. Па мерках шахцёраў — пенсіянер. Але ўсё ж працягваў працаваць.

У Следчым камітэце прыйшлі да папярэдняй высновы: Эгіптэ атрымаў смяротныя траўмы, парушыўшы тэхніку бяспекі. Еўрарадыё папрасіла былога супрацоўніка "Беларуськалія" растлумачыць, што парушыў брыгадзір.

— Гаворка ідзе пра двухкамбайнавую лаву [прастору пад зямлёй, дзе працуюць адначасова два камбайны. — Еўрарадыё]. Машыніст аднаго камбайна ўбачыў, што з другога камбайна доўга не ідзе руда (канвеер там агульны). Прыйшоў — а той ляжыць задушаны. Выклікаў хуткую. Правялі праверку, сказалі, што ён парушыў ТБ.

 

Пока позволяет здоровье: почему шахтеры работают до последнего?
Шахта ў Салігорску / lider-press

Дах у шахце трымае спецыяльны механізм — мацаванне. Калі трэба перасунуць секцыю мацавання, яго пераводзяць у рэжым разгрузкі. Гэта значыць, верхняя частка адпускае дах і ідзе ўніз.

— Калі брыгадзіра знайшлі, ручка кіравання стаяла на разгрузку. А яна пад суседняй секцыяй мацавання. Атрымліваецца, брыгадзір сам перавёў мацаванне ў рэжым разгрузкі, знаходзячыся пад суседнім, і прыйшоў пад тое, якое яго прыціснула. Камісія замярала, колькі трэба, каб мацаванне апусцілася ў рэжым разгрузкі, — 16 секундаў, — дадае наш суразмоўнік.

 

Чаму Эгіптэ апынуўся пад мацаваннем, якое сам жа перавёў у рэжым разгрузкі?

— Перапрацоўка, брак адпачынку, рассеяная і паніжаная ўвага. Вынік — памылкі, — мяркуе шахцёр. — Калі ўлічыць, што і абсталяванне там старое і дабітае, за якім трэба пільна сачыць. Тое, што адбылося, хутчэй заканамернасць, чым выпадак.

Чаму шахцёры не ідуць на пенсію, а застаюцца на смяротна небяспечнай працы?

— Людзі спрабуюць працаваць, пакуль дазваляе здароўе. Пенсіі нізкія, а заробкі на прадпрыемстве годныя. Мой знаёмы калега больш за трыццаць гадоў адпрацаваў тут тэхнікам-электрыкам. Заробак быў каля 1,7 тысячы рублёў. А пенсія выйшла менш за пяцьсот рублёў, — расказвае адзін з супрацоўнікаў "Беларуськалія", які прадставіўся Еўрарадыё Максімам.

 

Пока позволяет здоровье: почему шахтеры работают до последнего?
Шахты "Беларуськалія" / Sputnik

Работнікі, занятыя поўны працоўны дзень на падземных работах, маюць права выходзіць на пенсію па ўзросце раней, чым іншыя беларусы. Для гэтага пры агульным стажы працы не менш за 20 гадоў 10 з іх трэба правесці, працуючы ў шахце. Інакш кажучы, прыйшоў на "Беларуськалій" у 20 гадоў — у 40 ужо можаш афармляць пенсію, выхоўваць унукаў і прысвячаць увесь вольны час рыбалцы.

Але ад такой ільготнай пенсіі можна адмовіцца і працягваць працаваць. Максім плануе пайсці на адпачынак у 63 гады. І дадае: "Калі дажыву і калі пенсійны ўзрост не падымецца".

— Я ад ільготнай пенсіі адмовіўся. За гэта мне даплачваюць дзесяць адсоткаў да заробку. У нас гэта практыкуецца. У нас большая частка калектыву падпісалася за адмову ад яе. Па-першае, грошы цяпер больш патрэбныя, а па-другое, усе выдатна разумеюць што будуць адпрацоўваць па максімуме, — кажа Максім.

Паводле яго слоў, нярэдкія выпадкі, калі чалавек пасля выхаду на пенсію па дасягненні пенсійнага ўзросту жыве ўсяго некалькі гадоў. Цяжкая праца ў шахце б'е па здароўі. Дый у прынцыпе сярэдняя працягласць жыцця беларускага мужчыны па статыстыцы Міністэрства аховы здароўя — 64 гады, а пенсійны ўзрост — 63 гады.

Бацька Максіма адпрацаваў у шахтах 35 гадоў. Цяпер, па словах хлопца, у яго праблемы з сэрцам, ціскам, спінай, суставамі, лёгкімі.

— Поўны набор. Кажа, шкадуе, што ў маладосці пра здароўе не думаў і не звяртаў увагі на сродкі аховы.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі